Беларусь працягвае перамовы з Расеяй аб зняцці гандлёвых абмежаванняў



Беларусь працягвае перамовы з Расеяй аб зняцці абмежаванняў на пастаўку мяса-малочнай прадукцыі.

Як паведаміла БелаПАН інфармаваная крыніца, эксперты вядуць перамовы ўжо на працягу двух тыдняў у розным фармаце: дыстанцыйна і на сустрэчах у Маскве.

Рассельгаснаглядам забароненыя пастаўкі на расейскі рынак прадукцыі 11 беларускіх прадпрыемстваў малочнай галіны, дзвюх птушкафабрык і сямі мясаперапрацоўчых заводаў.

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы 21 снежня на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі заявіў, што абмежаванні на пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання з 20 прадпрыемстваў могуць быць знятыя найбліжэйшымі днямі. „Я думаю, што літаральна на гэтым тыдні абмежаванні будуць знятыя. Мы ведаем, што рабіць, працуем. Я хачу сказаць, што ёсць тыя бар’еры, якія мы знімаем і будзем знімаць”, — сказаў ён.

Паводле слоў Русага, беларускі бок актыўна вядзе перамовы па гэтым пытанні з разнастайнымі інстанцыямі. Пры гэтым, упэўнены віцэ-прэм’ер, расійскі рынак закрываецца для беларускіх вытворцаў прадуктаў харчавання часта з-за надуманых прычын. „Мы перадалі ў следчыя органы Расійскай Федэрацыі інфармацыю аб дзесяці фактах фальсіфікацый (беларускай прадукцыі на расійскім спажывецкім рынку. — БелаПАН.)”, — удакладніў віцэ-прэм’ер.

Разам з тым, як заявіла 21 снежня расейскаму агенцтву ТАСС афіцыйны прадстаўнік Рассельгаснагляда Юлія Мелана, ведамства не збіраецца найбліжэйшым часам знімаць абмежаванні на ўвоз у Расею малочнай прадукцыі з некаторых прадпрыемстваў Беларусі. „У цэлым сітуацыя ў дачыненні да дзейных абмежаванняў на малочныя прадпрыемствы не змянілася”, — сказала яна.

Як паведаміла Мелана, напярэдадні спецыялісты Рассельгаснагляда дэталёва тлумачылі беларускім экспертам прэтэнзіі ведамства да якасці і бяспекі малочнай прадукцыі, якая пастаўляецца з тэрыторыі Беларусі. „Так, для беларускага боку стала навіной, што суб’ектавыя ветэрынарныя службы Расіі не з’яўляюцца часткай сістэмы Рассельгаснагляда. Асабліва іх здзівіла, што вынікі лабараторных даследаванняў, на якія нашы калегі арыентаваліся, праводзіліся не нашымі лабараторыямі. Пры гэтым, дзіўна, што ўсе пратаколы выпрабаванняў, якія раней падаваў Рассельгаснагляд, нейкім чынам калегамі ігнараваліся”, — растлумачыла яна.

Расейскае ведамства заклікала Беларусь падключыцца да праграмы ранняга лабараторнага інфармавання (СіРаНо). З дапамогай гэтай праграмы магчыма ў анлайн-рэжыме даведвацца пра вынікі лабараторных даследаванняў пастаўленай у Расею прадукцыі.

Пры гэтым беларускі бок замест вырашэння праблемы якасці прадукцыі вядзе слоўную барацьбу з расейскім ведамствам, лічыць прадстаўнік Рассельгаснагляда. „У наяўнай сітуацыі складана зразумець тактыку паводзінаў беларускіх калегаў. Так, замест таго каб разабрацца ў тэхнічных аспектах прэтэнзій Рассельгаснагляда, беларусы ідуць па шляху „базарнага” піяру з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы, звяртаючыся да самых бестактоўных выразаў ды пераходу на асобы на ўзроўні высокага кіраўніцтва”, — адзначыла Мелана.

У якасці прыкладу яна прывяла сюжэт з беларускіх СМІ. У адным з ток-шоу кіраўнік Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька заявіў, што пасля Генадзя Анішчанкі (раней быў кіраўніком Расспажыўнагляда) Рассельгаснагляд узначаліў Сяргей Данкверт.

Як адзначыла прадстаўнік Рассельгаснагляда, на думку Давыдзькі, менавіта ад кіраўніка зыходзяць прэтэнзіі да якасці беларускай прадукцыі. „Тут, спецыяльна для паважанага спадара Давыдзькі, хацелася б ліквідаваць нейкі прагал у яго ведах і паведаміць, што спадар Анішчанка ніколі не ўзначальваў Рассельгаснагляд”, — падкрэсліла Мелана.

Данкверт ў пачатку снежня папракнуў беларускіх вытворцаў прадуктаў харчавання ў нядобрасумленнасці, таму што яны з-за прагнасці пачынаюць „хімічыць”. У адказ 9 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў: „У нас, калі нават усё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данкверт і іншыя, аплююць, абылгуць і абгадзяць, як гэта было нядаўна. Аказваецца, у яго кавалак мяса з Беларусі, ці шклянка малака, ці кавалак хлеба захрасаюць, прадукцыя не тая. І ўрад пры гэтым маўчыць”.

Расейскі пасол Аляксандр Сурыкаў заявіў 21 снежня журналістам у Менску, што колькасць няякаснай беларускай харчовай прадукцыі на расейскім рынку мізэрная, і „трэба спыніць інсінуацыі на гэтую тэму”. Пасол папракнуў Данкверта у тым, што той выкладвае інфармацыю „адразу ж у сацсеткі”. У сувязі з гэтым яму будзе зробленая заўвага, выказаў меркаванне Сурыкаў.

belapan.by