Беларусь разлічвае атрымаць 60 млн долараў кампенсацыі за брудную нафту



Беларусь разлічвае атрымаць больш за 60 млн долараў кампенсацыі за брудную нафту, паведамілі БелаПАН у канцэрне „Белнафтахім”.

У канцэрне адзначылі, што на мінулым тыдні Беларусь і Расея падпісалі пратакол пра кампенсацыю за брудную нафту з разліку 15 долараў за бараль. Мазырскі НПЗ перапрацаваў 563 тыс. тон бруднай нафты. Такім чынам, Беларусь разлічвае атрымаць 61,6 млн долараў кампенсацыі ад расейскай „Транснефці”.

Акрамя таго, паведамілі ў „Белнафтахіме”, бакі працягваюць абмяркоўваць кампенсацыю страт за пашкоджанае абсталяванне на Мазырскім НПЗ. Гэтыя страты раней ацэньвалі ў 20 млн долараў.

У красавіку 2019 года „Белнафтахім” выявіў у расейскай нафце павышанае ўтрыманне дыхлорэтану. Каб пазбегнуць аварыі на НПЗ, канцэрн знізіў перапрацоўку і экспарт нафтапрадуктаў. Пасля таго як замежныя спажыўцы адмовіліся прымаць няякасную сыравіну, транзіт па нафтаправодзе „Дружба” прыпынілі.

Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што з-за паставак няякаснай нафты Беларусь страціла „велізарныя грошы” — сотні мільёнаў долараў. Ацэнкай шкоды ад аварыі на „Дружбе” займалася рабочая група, створаная Беларуссю і Расеяй. У канцэрне „Белнафтахім” разлічвалі да канца 2019 года атрымаць кампенсацыю асноўнай масы страт з-за паставак бруднай нафты, аднак у гэты тэрмін вырашыць пытанне не ўдалося.