Беларусь хоча атрымаць кітайскі крэдытны рэйтынг
Беларусь разлічвае да канца лета атрымаць кітайскі крэдытны рэйтынг. Аб гэтым 27 чэрвеня журналістам паведаміў міністр фінансаў Уладзімір Амарын.
Міністэрства фінансаў Беларусі і Кітайскае рэйтынгавае агенцтва China Chengxin International Credit Rating (CCXI) у чэрвені падпісалі пагадненне аб прысваенні Беларусі крэдытнага рэйтынгу. Такім чынам, Беларусь атрымлівае магчымасць размяшчаць аблігацыі на фінансавым рынку Кітая. „Рэйтынг мы павінны атрымаць недзе да канца лета”, – сказаў Уладзімір Амарын.
Пагадненне прадугледжвае правядзенне CCXI ацэнкі Беларусі. Паводле слоў міністра, у ліпені прадстаўнікі агенцтва наведаюць Беларусь. „Пасля гэтага адбудзецца прысваенне рэйтынгу. А потым ужо адпаведная працэдура атрымання дазволу рэгулятарам”, – растлумачыў Уладзімір Амарын. Чакаецца, што Беларусь выйдзе на кітайскі фінансавы рынак з дзяржаўнымі аблігацыямі ў канцы 2018 года або ў пачатку 2019 года.
