Беларусь развівае альтэрнатыўную энергетыку



Беларусь актыўна развівае альтэрнатыўную энергетыку. Пры гэтым свядомасць таго, што можна выкарыстоўваць багацці прыроды для атрымання энергіі прыходзіць і да звычайных людзей.

“Усё часцей на прыватных дамах можна пабачыць сонечныя калектары”, – адзначае выканаўчы дырэктар Асацыяцыі “Узнаўляльная энергетыка” Уладзімір Нісцюк.

Кошт такой устаноўкі складае 540-560 еўра і для многіх даступны. Тым не менш, адзначае адмысловец, больш важнымі выглядаюць праекты ў гэтай сферы на дзяржаўным узроўні:

– І зараз шмат што робіцца, я магу лічбы назваць, і гэта цікава будзе для ўсіх. Не было ніводнай біягазавай устаноўкі ў Беларусі, за апошнія пяць гадоў іх пабудавалі 11. Не было ніводнай станцыі па ўтылізацыі газу са сметнікаў, зараз у нас такіх 6. Не было ніводнай малой гідраэлектрастанцыі, за апошнія пяць гадоў пабудавалі 14, і ў Менску – у Чыжоўцы, у Драздах і ТЭЦ-2. Рухаецца наперад сітуацыя.

Уладзімір Нісцюк дадае, што на сённяшні дзень ветравая ўстаноўка, якая працуе на Наваградчыне, з’яўляецца адной з самых эфектыўных у Еўропе. Адмысловец адзначае, што для развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі патрэбныя сродкі, і інвестары цяпер больш прыязна глядзяць на гэтую сферу. Пры гэтым найбольш прывабна для інвестыцый выглядае галіна сонечнай энергетыкі, паколькі тут самыя выгадныя дзяржаўныя прэферэнцыі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя