Беларусь рэзка павялічыла экспарт электраэнергіі



За студзень-лістапад 2019 года Беларусь экспартавала ў суседнія дзяржавы 2 млрд 130,642 млн кілават-гадзін электраэнергіі на 111 млн 727,9 тыс. даляраў, сведчаць абноўленыя дадзеныя на сайце інтэрактыўнай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы распаўсюду афіцыйнай статыстычнай інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У лістападзе ў Літву было пастаўлена 131,331 млн кВт·гадз электрычнасці на суму 6 млн 448 тыс. долараў, ва Украіну — 157,992 млн кВт·гадз на 8 млн 795,4 тыс. даляраў.

Варта зазначыць, што ў 2018 годзе Беларусь паставіла за мяжу 1 млрд 40,049 млн кВт·гадз на 54 млн 629,6 тыс. даляраў. Такім чынам, за 11 месяцаў 2019 года паказчык экспарту за ўвесь 2018-ты перавышаны на 104,86%, або больш чым у два разы, а па выручцы — на 104,52%.

Паводле статыстычных дадзеных, у лістападзе ў Беларусь паступіла з Расеі 3,213 млн кВт·гадз электраэнергіі на 142,6 тыс. даляраў, з Украіны — 93 тыс. кВт·гадз на 5,3 тыс. даляраў.

Усяго з пачатку года Беларусь атрымала з-за мяжы 25,901 млн кілават-гадзін электрычнасці на 1 млн 143,6 тыс. даляраў, у тым ліку з Украіны — 327 тыс. кВт·гадз, з Расеі — 25,574 млн кВт·гадз. Фактычны імпарт склаўся з прычыны аварыйнага ператоку электраэнергіі паміж сеткамі, мэтанакіравана Беларусь электрычнасць не імпартавала.

Устаноўленая магутнасць аб’яднанай энергасістэмы Беларусі на 1 студзеня 2019 года складала 10.068,68 МВт, а аб’ём згенераванай электраэнергіі — 38,79 млрд кілават-гадзін. Паказчыкі энергасістэмы на пачатак 2020 года пакуль не апублікаваныя.

belapan.by