Беларусь трэцяя па росце спажывецкіх цэн сярод краін былога СССР



Беларусь з паказчыкам 2,8% заняла трэцяе месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у студзені—красавіку 2018 года, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз звестак нацыянальных органаў статыстыкі.

Наперадзе Узбекістан (5,8%) і Украіна (4,4%). Менш, чым у Беларусі, інфляцыя была ў Казахстане (2,2%), Арменіі (2,1%), Эстоніі (1,8%), Латвіі (1,7%), Расіі (1,2%), Літве (1,1%), Малдове (0,8%), Кыргызстане (0,6%), Азербайджане і Грузіі (па 0,2%). У Таджыкістане цэны знізіліся на 0,2%. З Туркменістана звестак няма.

У красавіку па росце спажывецкіх цэн (на 0,3%) Беларусь была дзявятай пасля Узбекістана (0,9%), Украіны (0,8%), Літвы (0,6%), Малдовы, Таджыкістана (па 0,5%), Казахстана, Расіі і Эстоніі (па 0,4%). У Латвіі цэны павялічыліся на 0,2%, у Азербайджане і Грузіі — знізіліся на 0,2%, у Арменіі — на 0,3%, у Кыргызстане — на 0,5%.

У самаабвешчаным Прыднястроўі, якое мае ўласную фінансавую сістэму, цэны павялічыліся з пачатку года на 4,55% (за красавік — на 0,57%).

Па росце цэн у студзені (0,8%) і студзені—лютым (1,7%) Беларусь была чацвёртай на тэрыторыі былога СССР, у першым квартале — дзяліла трэцяе месца з Арменіяй (2,5%).

Паводле асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2018 год спажывецкія цэны павінны павялічыцца не больш як на 6%. У 2017 годзе яны выраслі на 4,6% (у студзені—красавіку — на 2,4%, у красавіку — на 0,7%).   БелаПАН