Беларусь у 2017 годзе пачала экспартаваць сельгаспрадукцыю ў 17 новых краін



Беларусь у 2017 годзе пачала экспартаваць сельскагаспадарчую прадукцыю ў 17 новых краін, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў.

„Беларускую сельгаспрадукцыю ў 2017 годзе экспартавалі ў 68 краін. Сярод іх – 17 новых рынкаў: Бахрэйн, Інданезія, Емен, Малайзія, Манголія, Непал, Новая Зеландыя, Аман, Егіпет, Мадагаскар, Аўстрыя, Фінляндыя і іншыя. У Катар за 11 месяцаў 2017 года было пастаўлена сельгаспрадукцыі на суму $9,2 млн, у Манголію – на $4 млн, у Непал – на $0,65 млн, Аман – $2,3 млн, Сірыю – $1,5 млн, Егіпет – больш за $300 тыс. Паводле аператыўных даных, арганізацыі Мінсельгасхарча за 2017 год экспартавалі прадукцыі на $2,4 млрд, што на 4,6 працэнта больш за ўзровень 2016 года. Калі гаварыць аб пастаўках сельгаспрадукцыі ўсімі ігракамі рынку, прагназуем, што лічбы па экспарце складуць каля $5 млрд”, – сказаў Аляксей Багданаў.

За 11 месяцаў 2017 года экспарт беларускай малочнай прадукцыі ў Кітай вырас у 7,5 раза ў натуральным выражэнні да аналагічнага перыяду 2016 года. „Мы паставілі 13 тыс. т малочнай прадукцыі на суму $5,7 млн. У цэлым пастаўкі прадпрыемстваў Мінсельгасхарча ў Кітай за 11 месяцаў перасягнулі $8,8 млн, што на 3 працэнты больш, чым у аналагічным перыядзе 2016 года. Прычым змянілася структура таварнага экспарту: калі ў 2016 годзе пераважалі сыравінныя тавары, то цяпер пераважае менавіта гатовая прадукцыя. У 2018 годзе плануем пашыраць таварную наменклатуру паставак у Кітай, у прыватнасці, маем намер актыўна працаваць над тым, каб прасунуць на кітайскі рынак беларускія сыры і іншую гатовую малочную прадукцыю. Акрамя таго, два беларускія мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы адкрыліся для паставак ялавічыны, плануем у гэтым годзе пачаць пастаўкі”, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ЗЭД.

На мінулым тыдні ЗАТ „Мяса-малочная кампанія” і іранская кампанія IMEX заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне папулярызацыі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на рынак Ірана – у першую чаргу ялавічыны і сметанковага масла. На наступным этапе плануецца пашыраць на іранскі рынак сухое малако і дзіцячыя малочныя сумесі, а ў далейшым – сыры і іншую малочную прадукцыю. Пагадненне таксама прадугледжвае супрацоўніцтва ў галіне сертыфікацыі беларускіх прадпрыемстваў для паставак прадукцыі на іранскі рынак. Абмяркоўваецца магчымасць выхаду на экспарт сельгаспрадукцыі ў Іран у аб’ёме амаль $100 млн у год.

belta.by