Беларусь у І квартале павялічыла на траціну экспарт нафтапрадуктаў



Беларусь у першым квартале паставіла на экспарт амаль 3,4 млн тон нафтапрадуктаў, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.

У фізічным выражэнні экспарт нафтапрадуктаў павялічыўся на 32%.

У вартасным выражэнні экспарт нафтапрадуктаў склаў 1,69 млрд долараў і вырас на 53% у параўнанні з першым кварталам 2017 года.

Варта адзначыць, што ў першым квартале назіралася стратная праца беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Прадпрыемствы ў студзені-лютым атрымалі чыстую страту ў памеры 147 млн рублёў.

Прадстаўнікі галіны раней тлумачылі журналістам, што страты беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў у гэтым годзе шмат у чым звязаныя з умовамі рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку. Паводле звестак канцэрна „Белнафтахім”, у сакавіку цэны нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку, якія рэгулюе дзяржава, былі на 100—150 долараў за тону ніжэйшыя ў параўнанні з экспартнымі цэнамі на паліва.

У сувязі са стратнай дзейнасцю нафтаперапрацоўчых заводаў улады ў гэтым годзе прымаюць рашэнні аб паступовым павышэнні кошту паліва на ўнутраным рынку. Прадстаўнікі нафтаперапрацоўчай галіны мяркуюць, што пасля павышэння цэн на ўнутраным рынку ў маі ўдасца выйсці на станоўчыя вынікі вытворчай дзейнасці.

„Калі ў маі прыйдзем да цэн на паліва на ўнутраным рынку, якія супастаўныя з расійскімі, і не адбудзецца ніякіх макраўзрушэнняў, то абодва нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі атрымаюць прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі. Што тычыцца чыстага прыбытку, то з улікам закрэдытаванасці заводаў многае ў гэтым плане залежыць ад стабільнасці абменнага курсу рубля, паколькі крэдыты прыцягваліся ў замежнай валюце”, — расказаў БелаПАН прадстаўнік нафтаперапрацоўчай галіны.

З пачатку года цэны на паліва ў Беларусі павышаліся сем разоў, апошні раз кошт нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку павялічыўся 14 красавіка.

belapan.by