Беларусь у студзені-верасні павялічыла малочны экспарт больш як на 16%
Беларусь у студзені-верасні павялічыла экспарт малака і малочнай прадукцыі на 16,1% да 1,7 млрд долараў, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.
У краіны СНД Беларусь паставіла малочнай прадукцыі на 1,63 млрд долараў, па-за СНД — на 65,8 млн долараў.
Асноўным спажыўцом малочнай прадукцыі з’яўляецца Расея, якая закупіла яе на 1,4 млрд долараў. Сярод краін па-за СНД асноўныя аб’ёмы беларускага экспарту прыпадаюць на Кітай, куды ў студзені—верасні было пастаўлена малочнай прадукцыі амаль на 38 млн долараў.
У 2018 годзе малочны экспарт Беларусі склаў 2 млрд долараў ЗША, на знешнія рынкі было пастаўлена 60% прадукцыі, вырабленай малочнымі прадпрыемствамі.
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, выступаючы ў лістападзе на справавым форуме ў Менску, адзначаў, што сярод малочнай прадукцыі найбольш экспартна арыентаванымі таварамі з’яўляюцца сыры, масла, сухое малако.
„Беларусь уваходзіць у свеце ў пяцёрку лідараў па экспарце малочных прадуктаў. Пры гэтым па масле наша краіна займае трэці радок сусветнага рэйтынгу, сырам і тварагу — чацвёртае, сухім абястлушчаным малаку — пятае”, — паведаміў Брыло.
Паводле яго слоў, Беларусь мае намер павялічваць вытворчасць і экспарт малочнай прадукцыі. У 2018 годзе ў краіне было выраблена 775 кілаграмаў малака ў разліку на душу насельніцтва, адзначыў Брыло.
Ён канстатаваў, што за 2013—2018 гады Беларусь павялічыла вытворчасць малочнай прадукцыі (у пераліку на малако) з 6,6 да 7,3 млн тон, а ў 2025 годзе плануе нарасціць гэты паказчык да 9 млн тон.
belapan.by
