Беларусь упершыню набыла партыю нафты з Ірана



«Беларуснафта» набыла 80 тыс. тон (больш як 600 тыс. барэляў) нафты з Ірана (прадаўцом выступіла Нацыянальная іранская нафтавая кампанія NIOC), паведамляе Reuters са спасылкай на чатыры дасведчаныя крыніцы. Як адзначае агенцтва, здзелка стала першай для Менска па куплі іранскай нафты. Пастаўка чакаецца ў лютым.

Нафта з Ірана, па звестках Reuters, была прададзеная польскай «дачцэ» «Беларуснафты» – кампаніі Bel Oil Polska, паведамляе РБК. Нафта прыбудзе ў Адэсу і латвійскі Вентспілс, адкуль па чыгунцы адправіцца ў Беларусь, удакладняюць дзве крыніцы Reuters, знаёмых з сітуацыяй.

Як адзначае Reuters, Беларусь вымушана шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты ва ўмовах скарачэння паставак яе з Расеі ў сувязі з неўрэгуляванай спрэчкай па газавым доўгу Менска перад Масквой.

Аб дамоўленасцях з Іранам распавёў сам Аляксандр Лукашэнка ў час «Вялікай размовы з прэзідэнтам»:

– У Венесуэлу паедзем здабываць нафту. З Іранам дамаўляемся. Чаму мы ў Расеі не здабываем нафту? Ну, нічога, перажывем.

Важна разумець, што 80 тыс. тон – не больш чым пробная пастаўка. Як вядома, Беларусь настойвала на пастаўках расейскай нафты ў памеры 24 млн тон. Пасля аб’ём знізіўся да 18 млн тон. Фактычны стане вядомы пасля завяршэння праблемных перамоваў.

onliner.by

Фота Аляксандра Уладыкі