Беларусь ужо не разлічвае на зніжку на расейскі газ у 2021 годзе
Старшыня ЕЭК Міхаіл Мясніковіч заявіў у эфіры «Беларусь 1», што цэны за расейскі газ для Беларусі ў наступным годзе не павінны быць вышэй за ўзровень 2020 года.
Гэта азначае, што, паводле звестак Мясніковіча, кошт за 1 тыс. кубаметраў складзе не больш за $127, перадае Оfficelife.
Раней амбасадар Расеі Дзмітрый Мезенцаў агучыў умовы зніжкі на газ для Беларусі ў 2021 годзе. Па яго словах, Масква мае права чакаць у адказ зніжкі на беларускія тавары. Акрамя таго, дыпламат пацвердзіў, што Мінск пагасіў газавы доўг, прызнаўшы цэнавыя ўмовы расейскага боку.
На днях пастаўкі газу абмеркавалі віцэ-прэм’еры Беларусі і Расеі. Вынікі перамоваў невядомыя.
У 2020 годзе Беларусь доўгі час лічыла цану на расейскі газ несправядлівай, дамагалася зніжкі ў сувязі з пандэміяй, наракала на тое, што на еўрапейскім хабе газ прадаецца танней, і перастала аплачваць паліва поўным коштам. У выніку да восені назапасіўся прыстойны доўг, які вырашана было пагасіць пасля атрымання часткі расейскага крэдыту. Запазычанасць на момант пагашэння не называлася, але, па ўсёй бачнасці, яна складала не менш за $300 млн.
