Беларусь вырабіць трамваі для Чэхіі
Размешчаны ў Фаніпалі (Дзяржынскі раён Менскай вобласці) беларускі завод швейцарскай кампаніі Stadler возьме ўдзел у вытворчасці трамваяў для чэшскага горада Астрава. Пра гэта паведаміў БелаПАН прадстаўнік Stadler Філіп Вельці.
Паводле яго слоў, у праекце таксама будуць удзельнічаць заводы Stadler, размешчаныя ў Польшчы, Чэхіі і Швейцарыі. На заводзе „Штадлер Менск” у Фаніпалі, паведаміў Вельці, „будзе выконвацца частка работ”.
У прэс-службе Stadler БелаПАН паведамілі, што ўсяго ў Астраву будзе пастаўлена 40 трамваяў для транспартнай кампаніі Dopravni podnik Ostrava a.s. (DPO). Stadler выйграў тэндар на пастаўку тэхнікі ў Чэхію ў канцы лістапада 2016 года. Кантракт быў падпісаны ў канцы снежня. Яго агульны кошт складае прыкладна 45 млн швейцарскіх франкаў (каля 45 млн даляраў). Кантракт прадугледжвае пастаўку двухсекцыйных нізкападлогавых аднакабінавых трамваяў.
Выпуск першага трамвая запланаваны на сакавік 2018 года.
Для Stadler гэта першы заказ на трамваі для Чэшскай Рэспублікі, адзначаецца ў прэс-рэлізе швейцарскай кампаніі.
„Я вельмі задаволены ходам правядзення адкрытага тэндара, і я веру, што швейцарская якасць новых трамваяў для Астравы забяспечыць патрабаваны высокі ўзровень камфорту пасажырскіх перавозак, і нашы пасажыры будуць задаволеныя новымі трамваямі”, — цытуе прэс-служба генеральнага дырэктара DPO Даніэля Морыса.
„Мы ганарымся магчымасцю паставіць першыя трамваі ў Чэшскую Рэспубліку і рады таму, што зможам прапанаваць пасажырам Астравы камфортную і прыемную паездку на нашых трамваях. Наша каманда па продажах таксама ацаніла высокі ўзровень і прафесіяналізм правядзення тэндара кампаніяй DPO”, — у сваю чаргу заявіў выканаўчы віцэ-прэзідэнт аддзела маркетынгу і продажаў кампаніі Stadler Петэр Енельтэн.
Для Остравы плануецца вырабляць нізкападлогавы трамвай, даўжыня якога складае 24,9 метра, шырыня — 2,5 метра, вышыня — 3,6 метра, разлічаны на перавозку 188 пасажыраў (61 пасадачнае месца). Ён абсталяваны чатырма шырокімі дзвярыма для хуткай пасадкі і высадкі пасажыраў, а таксама апарэллю для асоб з абмежаванымі магчымасцямі да перасоўвання. Трамвай цалкам абсталяваны сістэмай кандыцыянавання і мае максімальную хуткасць 80 км/г. Трамваі адпавядаюць усім неабходным стандартам бяспекі, а пярэдняя частка кузава трамвая абсталяваная адмысловым ахоўным элементам для бяспекі пасажыраў.
