Беларусь з-за недапаставак нафты страціла ў студзені 1,5% ВУП



 Беларусь з-за недапаставак нафты з Расеі страціла ў студзені 1,5 працэнта ВУП. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў студзені 2017 года і меры па выхадзе на дадатную дынаміку росту эканомікі ў І квартале.

„Належнага выніку мы пакуль не атрымалі. Удакладненыя лічбы ВУП па студзеню – 99,5 працэнта да студзеня 2016 года пры прагнозе, зацверджаным урадам на першы квартал, 99,6 працэнта. Адстаём на 0,1 працэнта”, – сказаў Андрэй Кабякоў.

Асноўная прычына, што ВУП меншы, чым у студзені 2016 года, – недапастаўка нафты з Расеі. „Мы перапрацавалі ў студзені нафты на 0,8 млн т менш, чым год таму. За кошт гэтага фактару страцілі 3,3 працэнтнага пункта ў прамысловасці, 4,5 працэнтнага пункта ў аптовым гандлі. У выніку мы страцілі 1,5 працэнта ВУП. Гэта значыць пры пастаўцы нафты на ўзроўні мінулага года ВУП быў бы 101 працэнт, – звярнуў увагу прэм’ер-міністр. – Не буду ўдавацца ў прычыны, але кампенсаваць такі адчувальны фактар у студзені пакуль мы не змаглі, хоць гэтым прадметна займаемся”.

belta.by