Беларусь зможа атрымліваць інфармацыю з расейскіх спадарожнікаў



Беларусь зможа атрымліваць інфармацыю з расейскіх спадарожнікаў дыстанцыйнага зандавання Зямлі (ДЗЗ) у рэжыме рэальнага часу, паведаміў журналістам 21 студзеня ў Менску старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Паводле яго слоў, гэта прадугледжана пагадненнем паміж НАН і «Раскосмасам», якое будзе падпісанае 21 студзеня ў Менску падчас візіту генеральнага дырэктара расейскай дзяржкарпарацыі Дзмітрыя Рагозіна.

Гусакоў адзначыў, што беларускі касмічны апарат БКА і шэраг яго расейскіх двайнят серыі «Канопус» ужо сёння аб’яднаныя ў арбітальную групоўку, аднак бакі абменьваюцца інфармацыяй з іх толькі перыядычна. Пагадненне прадугледжвае пашырэнне групоўкі яшчэ пяццю расейскімі «Канопусамі», замацоўвае кааперацыю ў стварэнні другога беларускага спадарожніка ДЗЗ, а таксама змяняе рэжым абмену інфармацыяй.

«Мы будзем мець інфармацыю не проста перыядычна, калі наш спадарожнік проста лятае і перыядычна здымае, а мы будзем у анлайн-рэжыме мець інфармацыю з расейскіх спадарожнікаў, а яны – з нашых, – сказаў кіраўнік НАН. – У нас звесткі спадарожніка выкарыстоўваюць 11 міністэрстваў і ведамстваў. <…> Таму вельмі важна, калі мы будзем мець яшчэ і інфармацыю з расейскіх спадарожнікаў. Гэта можа быць здымка тэрыторыі пад рознымі вугламі, гэта адкрывае новыя магчымасці».

Здымкі з расейскіх спадарожнікаў Беларусь зможа выкарыстоўваць «на падставе дамоўных адносін на бязвыплатнай парытэтнай аснове». «Мы будзем падаваць даныя з нашага спадарожніка і атрымліваць у абмен інфармацыю з расейскіх спадарожнікаў», – растлумачыў ён.

Разам з тым Беларусь, паводле слоў Гусакова, зможа, як і раней, прадаваць трэцім краінам здымкі са свайго спадарожніка. «Абавязкова, гэта прадугледжваецца дамовай. Мы зможам іх камерцыялізаваць і нават прадаваць на экспарт, як і раней было, толькі цяпер ужо паводле ўзгаднення бакоў», – адзначыў старшыня прэзідыума НАН.

БелаПАН

Фота: БелТА