Беларусь знізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты



Беларусь з 1 снежня 2018 года знізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета міністраў ад 29 лістапада № 860.

Стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту зніжана са 152 да 135,1 долара за 1 т. Пошліна на прамагонны бензін знізілася з 83,6 да 74,3 долара за 1 т, на таварныя бензіны — з 45,6 да 40,5 долара за 1 т.

Пошліна на лёгкія, сярэднія дыстыляты складаюць 40,5 долара за 1 т (раней — 45,6). Такая ж пошліна ўстаноўлена ў дачыненні да дызельнага паліва, бензолу, талуолу, ксілолаў, змазачных і іншых масел.

У папярэдні раз стаўкі вывазных мытных пошлін у дачыненні да сырой нафты і асобных катэгорый тавараў, вырабленых з нафты, былі павышаны 1 лістапада.

belapan.by