„Беларусбанк” паведамляе пра рэкордны прыбытак



У 2016 годзе „Беларусбанк” захаваў лідзіруючыя пазіцыі на рынку і зарабіў рэкордны прыбытак у 155 млн рублёў, перавысіўшы запланаваны больш чым на 50%. Пра гэта на пашыраным пасяджэнні праўлення ААТ „АСБ Беларусбанк” заявіў выканаўца абавязкаў старшыні праўлення Аляксандр Паліўка, паведамляе прэс-служба банка.

„Акрамя таго, у мінулым годзе нам удалося забяспечыць даступнасць нашых крэдытных рэсурсаў і шмат у чым нават фарміраваць трэнды на гэтым рынку”, — дадаў кіраўнік „Беларусбанка”.

Адзначалася таксама, што за мінулы год банк значна нарасціў сваю долю на рынку крэдытавання малога і сярэдняга бізнесу. Станоўчым трэндам характарызуецца і спажывецкае крэдытаванне. За 2016 год доля „Беларусбанка” на гэтым рынку прырасла і дасягнула ўзроўню банкаў, якія лідзіравалі раней.

Сёлета „Беларусбанк” будзе рабіць стаўку на развіццё інфармацыйных тэхналогій. „Важнай асаблівасцю працы банка ў гэтым годзе стане ўкараненне міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі, — падкрэсліла ў сваім дакладзе выканаўчы дырэктар Наталля Сакалова. — Мы павінны разумець, што з яе з’яўленнем кліенты атрымліваюць доступ да прадуктаў любога банка літаральна праз манітор свайго камп’ютара”.

Таксама трэндам 2017 года для „Беларусбанка” застанецца цэнтралізацыя. Запланавана стварэнне цэнтра разлікаў і завяршэнне працы па падзеле на фронт- і бэкофісы у рознічным бізнесе. Рэалізаваўшы ўсё гэта, банк атрымае скарачэнне аперацыйных расходаў і зможа не толькі захаваць дасягнутае ў 2016 годзе, але і палепшыць свае пазіцыі, адзначае прэс-служба.

„Беларусбанк” — найбуйнейшы банк Беларусі, падкантрольны дзяржаве, доля яго актываў у сукупных актывах усёй банкаўскай сістэмы складае каля 42%. У мінулым годзе ўлады прынялі рашэнне прадаць пакет у памеры да 25% акцый банка інвестару. Для каардынацыі працы па рэалізацыі мінарытарнага пакета акцый ва ўрадзе створана рабочая група. Сярод іншага ёй неабходна ўзгадніць папярэднюю ацэнку кошту акцый, а таксама да 1 лістапада 2017 года ўнесці ва ўрад прапановы аб выбары пакупніка.

БелаПАН