„Беларусбанк” перанёс увядзенне платы за плацяжы наяўнымі
ААТ «АСБ Беларусбанк» перанесла тэрмін увядзення платы за ажыццяўленне аперацый па плацяжах наяўнымі грашовымі сродкамі з 1 жніўня на 1 кастрычніка. Як паведаміла прэс-служба банка, такое рашэнне прынята праўленнем фінансавай установы.
Як паведамлялася раней, 1 жніўня планавалася ўвесці камісію ў 1 рубель за разавы зварот у касу для ажыццяўлення наяўных плацяжоў, незалежна ад іх колькасці.
Як растлумачылі ў банку, новае рашэнне прынята «з мэтай прадастаўлення кліентам шырокай магчымасці для падключэння да каналаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (ДБА), а таксама правядзення дадатковай растлумачальнай працы пра асаблівасці ажыццяўлення разлікаў плацежнымі карткамі, у тым ліку з выкарыстаннем банкаматаў, інфакіёскаў і каналаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання („Інтэрнэт-банкінг”, „М-банкінг”, „SMS-банкінг”, „ТБ-банкінг”).
Акрамя таго, прынята рашэнне з 1 жніўня па 30 верасня правесці акцыю са спецыяльнай прапановай па рэгістрацыі кліентаў у сістэме „Інтэрнэт-банкінг”.
На ўсе пытанні па ажыццяўленні разлікаў плацежнымі карткамі, у тым ліку з выкарыстаннем банкаматаў, інфакіёскаў і каналаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, адкажуць кансультанты ў аддзяленнях і супрацоўнікі кантакт-цэнтра па тэлефоне 147. Таксама ўся адпаведная інфармацыя будзе размешчана на афіцыйным сайце банка (belarusbank.by) у раздзеле „Дыстанцыйнае банкаўскае абслугоўванне”.
„Пераход на безнаяўныя плацяжы праходзіць з улікам дзяржаўнай праграмы, якую мы не маем права ігнараваць. „Беларусбанк” цэніць сваіх кліентаў і стварае ўсе ўмовы для развіцця дыстанцыйнага абслугоўвання. Усе выдаткі мы бярэм на сябе, пастаянна праводзім дні інфармавання, павышаем фінансавую дасведчанасць насельніцтва, тлумачым, што гэта выдатная магчымасць ажыццяўляць плацяжы ў зручны час у зручным месцы, без прывязкі да рэжыму працы аддзялення”, — гаварылася раней у паведамленні банка.
