„Беларусбанк” выдае жыллёвыя крэдыты з дзяржпадтрымкай пад 12% гадавых



ААТ „АСБ Беларусбанк” пачало выдачу у гэтым годзе крэдытаў на будаўніцтва жылых памяшканняў з дзяржаўнай падтрымкай, паведамляецца 7 снежня на сайце банка.

Крэдыты выдзяляюцца грамадзянам, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, на будаўніцтва жылых памяшканняў тэрмінам карыстання да 15 гадоў. Працэнтная стаўка па крэдыце ў адпаведнасці з дзейнымі ўмовамі — 12% гадавых (працэнтная стаўка, устаноўленая банкам для крэдытаў на нерухомасць, паменшаная на 50% стаўкі рэфінансавання Нацбанка).

Аб’ём выдачы крэдытаў абмежаваны лімітам дырэктыўнага крэдытавання на жыллёвае будаўніцтва, прадугледжанага пастановай Савета міністраў ад 8 лютага 2016 года № 103.

Як заявіў 30 лістапада намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін, наяўныя ўмовы дазваляюць прагназаваць зніжэнне кошту квадратнага метра жылля, якое ўзводзіцца з дзяржаўнай падтрымкай, да 280 долараў у эквіваленце.

Віцэ-прэм’ер удакладніў, што ўсяго ў краіне ў спісах тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзяцца больш за 700 тысяч чалавек, у тым ліку 200 тысяч у Менску.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у Беларусі ў студзені—кастрычніку 2016 года ўведзена ў эксплуатацыю 3 млн 517,6 тыс. кв. м жылля, што на 18,2% менш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 1 млн 240,5 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 35,3% усяго аб’ёму ўведзенага жылля. З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, пабудавана з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі 826,8 тыс. кв. м (на 40,8% менш).

БелаПАН