„Беларусбанк” закрывае прадстаўніцтва ў Польшчы
Падкантрольны дзяржаве найбуйнейшы беларускі камерцыйны банк – ААБ „Беларусбанк” – закрывае сваё прадстаўніцтва ў Польшчы. Такое рашэнне прыняў назіральны савет банка, пасяджэнне якога прайшло на мінулым тыдні пад старшынствам міністра фінансаў Уладзіміра Амарына.
Прычыны закрыцця прадстаўніцтва, што дзейнічала з 1997 года, прэс-служба банка не паведамляе.
Паводле вынікаў абмеркавання назіральным саветам прынятае рашэнне пра правядзенне гадавога агульнага сходу акцыянераў банка і зацверджаны яго парадак. Так, будуць разгледжаныя пытанні аб выніках працы, фінансава-гаспадарчай дзейнасці і бухгалтарскай справаздачнасці банка, размеркаванні прыбытку і выплаце дывідэндаў.
„Пытанне аб удакладненні каштарысу даходаў і расходаў банка на 2016 год стала адным з ключавых. Удакладненні зробленыя з улікам сітуацыі на валютным рынку, прыняцця Нацыянальным банкам рашэння аб змене парадку фарміравання рэзерваў, а таксама верагоднасці пагаршэння якасці крэдытнага партфеля сёлета”, – гаворыцца ў паведамленні паводле вынікаў пасяджэння назіральнага савета.
