Беларуска-кітайскі дзелавы форум пройдзе 7 лістапада ў Шанхаі



Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан’юнктуры цэн Міністэрства замежных спраў Беларусі арганізуе 7 лістапада ў Шанхаі (КНР) Беларуска-кітайскі дзелавы форум у рамках першай міжнароднай выставы імпартных тавараў і паслуг China International Import Expo.

Паводле інфармацыі цэнтра, свае экспартныя магчымасці ў сферах гандлю, інвестыцый, інавацый, аховы здароўя, турызму, культуры і адукацыі прадставяць больш за 80 беларускіх кампаній.

У адкрыцці форуму запланаваны ўдзел намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Мікалая Снапкова, пасла Беларусі ў Кітаі Кірыла Рудага, кіраўніцтва беларускіх міністэрстваў і Міністэрства камерцыі КНР.

У рамках форуму запланавана праца секцый: „Экспартны і інавацыйны патэнцыял Беларусі”; „Спрыяльны інвестыцыйны клімат Беларусі — залог паспяховага партнёрства”; „Прывабнасць турыстычных, адукацыйных і медыцынскіх паслуг Беларусі”.

Міжнародная выстава імпартных тавараў і паслуг China International Import Expo ўпершыню пройдзе ў Шанхаі з 5 па 10 лістапада. Мяркуецца, што яе наведаюць не менш як 150 тысяч патэнцыйных пакупнікоў. Нацыянальны цэнтр маркетынгу МЗС выступае арганізатарам нацыянальнай экспазіцыі Беларусі, а таксама беларуска-кітайскага бізнес-форуму. Агульная выставачная плошча беларускіх стэндаў складзе 778 кв. м.

belapan.by