Беларуска-польскі эканамічны форум „Добрасуседства” пройдзе ў Менску 7 чэрвеня
XXII Беларуска-польскі эканамічны форум „Добрасуседства-2019” пройдзе ў Менску 7 чэрвеня, паведамілі ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце.
Праграма форуму ўключае пленарнае пасяджэнне, працу трох секцый („Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва і развіццё”, „Лагістычныя паслугі. Стварэнне спрыяльнага клімату”, „Інфармацыйныя тэхналогіі”), а таксама кантактна-кааперацыйную біржу паміж беларускімі і польскімі дзелавымі коламі. Мерапрыемства адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы.
На форуме прапануецца абмеркаваць прыцягненне міжнародных фондаў (ЕЗ, ЕБРР) у праекты рэгіянальнага супрацоўніцтва, развіццё прыгранічных транспартна-лагістычных цэнтраў, доступ прадукцыі на рынак дзяржаў ЕАЭС і ЕЗ, магчымасці бязвізавага рэжыму ў Беларусі для развіцця дзелавога турызму і іншыя тэмы.
Польскім кампаніям прэзентуюць асаблівасці працы ў свабодных эканамічных зонах і Кітайска-беларускім індустрыяльным парку „Вялікі камень”.
БелГПП запрашае прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый прыняць удзел у мерапрыемстве. У выпадку зацікаўленасці неабходна прайсці онлайн-рэгістрацыю на сайце БелГПП да 31 траўня.