Беларускі дылер аўтабрэнда Škoda прыпыніў продаж мадэлі Rapid



 Беларускі дылер аўтамабільнага брэнда Škoda прыпыніў продаж мадэлі Rapid па патрабаванні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, паведамляецца на сайце дылера.

„У сувязі з загадам Дзяржстандарту аб неабходнасці ўдакладнення фармулёвак ва УТТС (ухваленне тыпу транспартнага сродку) Škoda Rapid рэалізацыя гэтай мадэлі ў дылерскай сетцы Škoda ў Беларусі прыпыняецца з 11.03.2021 года, — гаворыцца ў паведамленні. — Рашэнне па ўжо заключаных дамовах на Škoda Rapid мы будзем прымаць індывідуальна з кожным кліентам. Аб аднаўленні продажу Škoda Rapid у дылерскай сетцы Škoda ў Беларусі мы паведамім дадаткова”.

„Хочам адзначыць, што Škoda Octavia, Škoda Kodiaq, Škoda Karoq і Škoda Superb па-ранейшаму даступныя да замовы і ёсць у наяўнасці на складах дылерскай сеткі Škoda ў Беларусі”, — падкрэсліваецца на сайце дылера.

У пачатку года чэшскі аўтаканцэрн Škoda, які з’яўляецца афіцыйным спонсарам хакейных чэмпіянатаў, падтрымаў адмену чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі.

„Мы ганарымся быць партнёрам чэмпіянату свету па хакеі ўжо 28 гадоў. Але мы таксама паважаем і прасоўваем правы чалавека. Такім чынам, Škoda адмовіцца ад спонсарства чэмпіянату свету па хакеі 2021 года, калі пацвердзіцца, што Беларусь будзе суарганізатарам гэтага мерапрыемства”, — гаварылася ў паведамленні кампаніі ад 16 студзеня.

Міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петржычак вітаў рашэнне Škoda адмовіцца ад спансавання чэмпіянату свету па хакеі 2021 года, калі ён адбудзецца ў Мінску. „Дзякую Škoda. Рады, што флагман нашых фірмаў вырашыў не падтрымліваць збіццё дзяўчат і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Найлепшая рэклама — мець рэпутацыю прыстойных людзей”, — напісаў чыноўнік на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

18 студзеня Савет Міжнароднай федэрацыі хакея пазбавіў Беларусь права праводзіць чэмпіянат свету 2021 года. Рашэнне прынятае ў сувязі з „пытаннямі бяспекі, якія знаходзяцца па-за кантролем ІІХФ”, пасля „комплекснай юрыдычнай ацэнкі”, гаварылася ў паведамленні федэрацыі.

У прыватнасці, статут федэрацыі прадугледжвае пазбаўленне права на арганізацыю ЧС, калі ёсць падставы турбавацца на прадмет здароўя або бяспечнага перамяшчэння гульцоў, афіцыйных асоб, замежных балельшчыкаў і прадстаўнікоў СМІ.

Падкрэсліваецца, што федэрацыя правяла „справядлівую і бесстароннюю” ацэнку сітуацыі з прыцягненнем незалежных экспертаў і ўсіх зацікаўленых бакоў, якія былі апытаныя на прадмет магчымасці правядзення ЧС ва ўмовах росту палітычнай нестабільнасці і COVID-19.

Заключным этапам аналізу стала сустрэча з беларускімі ўладамі 11 студзеня і прыняцце новага экспертнага заключэння.

Савет ІІХФ прыйшоў да высновы, што на гэты момант забяспечыць дабрабыт каманд, гледачоў і афіцыйных асоб пры правядзенні ЧС немагчыма.

„Вельмі шкада, што прыйшлося ануляваць сумесную заяўку Менска і Рыгі, — заявіў прэзідэнт ІІХФ Рэнэ Фазэль. — Мы спрабавалі спрыяць таму, каб чэмпіянат свету можна было выкарыстаць у якасці інструмента для прымірэння, каб дапамагчы супакоіць сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Беларусі і знайсці пазітыўны шлях наперад”.

Паводле слоў Фазэля, Савет ІІХФ лічыць, што ЧС не павінен выкарыстоўвацца для палітычнай прапаганды якім-небудзь бокам, аднак прызнае недарэчнасць правядзення гэтага мерапрыемства ў Мінску, калі гаворка ідзе пра больш сур’ёзныя праблемы і прыярытэт бяспекі каманд, гледачоў і афіцыйных асоб.

У пачатку лютага Савет ІІХФ прыняў рашэнне перанесці ўсе матчы чэмпіянату свету па хакеі ў Рыгу.

belapan.by