Беларускія аўтадылеры павялічылі продаж новых аўтамабіляў амаль на траціну



Колькасць легкавых і камерцыйных аўтамабіляў, прададзеных у 2017 годзе дылерамі — членамі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА), вырасла на 29% і склала 34.255 аўтамабіляў. Пра гэта паведаміў 16 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік старшыні праўлення БАА, дырэктар ТАА „Рэмарк” Дзмітрый Ярота.

„Гэта досыць сур’ёзная лічба. Але ад дна адштурхоўвацца прасцей. На фоне дрэннага продажу ў мінулыя гады гэты паказчык выглядае аптымістычна”, — сказаў Ярота.

Як адзначаюць у БАА, да сярэдзіны 2017 года дынаміка продажу была аднолькавай у параўнанні з тым жа перыядам 2016 года. Але з чэрвеня намеціўся відавочны прырост продажу, які дасягнуў свайго піку да канца года. Доля камерцыйных аўтамабіляў у агульным аб’ёме склала 11,1%.

Самымі прадаванымі маркамі ў 2017 годзе на беларускім рынку сталі Renault (10.451 аўтамабіль), Volkswagen (5.591), Lada (3.509), Nissan (1.971) і Skoda (1.952). Што да маркі Geely, то яна апынулася на 12-м месцы з аб’ёмам 480 прададзеных аўтамабіляў. У цэлым, паводле дадзеных БАА, 81% прададзеных у мінулым годзе дылерамі аўтамабіляў выраблены ў Расеі і Беларусі.

Як заявіў старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч, мінулы год быў не толькі складаным, але яшчэ і вельмі паспяховым для аўтамабільнага бізнесу. „Для аўтамабільнага рынку Беларусі ўздым амаль на 30%, можна сказаць, небывалы. Прынамсі мы даўно не можам прыгадаць такога прыросту продажу”, — сказаў ён.

Прырост рынку адбыўся перш за ўсё за кошт сегмента пазадарожнікаў. „Гэта агульнасусветны трэнд. І гэты факт толькі падкрэслівае, што рынак Беларусі мала чым адрозніваецца ад агульнасусветных тэндэнцый. Паводле прагнозаў вядучых аналітыкаў, у найбліжэйшыя тры гады сусветны аўтапрам будзе базавацца менавіта на пазадарожніках”, — сказаў кіраўнік Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.

Ён таксама адзначыў, што асноўным фактарам, які паўплываў на продаж новых машын у 2017 годзе, стала зніжэнне ставак па крэдытаванні і лізінгу, шырокі спектр выгадных умоў фінансавання. „Залішняя ліквіднасць штурхнула банкі на рух у бок аўтадылераў і нашых кліентаў. Знізіўшы працэнтныя стаўкі, мы змаглі прапанаваць цікавыя фінансавыя ўмовы па набыцці аўтамабіляў. Каля 55—60% аўтамабіляў былі рэалізаваны ў крэдыт і лізінг. Але гэты фактар можа стаць і галоўнай рызыкай. Калі банкаўскія стаўкі пачнуць расці, то рынак можа адкаціцца”, — сказаў старшыня праўлення БАА.

„То бок пра тое, што рост рынку набыў устойлівы характар, пакуль казаць рана. Усё будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца эканамічная стабілізацыя ў краіне”, — дадаў Міхневіч.

У ліку фактараў, якія паўплывалі ў 2017 годзе на рост рынку, кіраўнік БАА таксама вылучыў зніжэнне „шэрага ўвозу” аўтамабіляў з Расеі больш чым у 2,5 разу ў параўнанні з 2016 годам. Доля „шэрага ўвозу” склала меншай за 8% у агульным аб’ёме рынка. Акрамя таго, на продажы адбіўся так званы адкладзены попыт на рынку, які сфарміраваўся ў папярэднія гады, у тым ліку ў сегменце продажу новых аўтамабіляў юрыдычным асобам.

belapan.by