Беларускія бізнесоўцы едуць ў Сірыю



Пяць беларускіх кампаній возьмуць удзел у Дамаскай міжнароднай выставе, — перадае БЕЛТА са спасылкай на сірыйскае агенцтва САНА .

Важнасць далучэння беларускага боку да імпрэзы адзначыў падчас сустрэчы з амбасадарам Беларусі Аляксандрам Панамаровым міністар эканомікі і знешняга гандлю Сірыі Мухамад Самэр Аль-Халіль.

Сірыйскі чыноўнік падкрэсліў неабходнасць умацавання супрацоўніцтва паміж Сірыяй і Беларуссю ў эканамічнай сферы. Ён адзначыў, што заснаванне сірыйска-беларускай рады прадпрымальнікаў будзе спрыяць умацаванню адносін паміж бізнесоўцамі дзвюх краін.

У сваю чаргу, Панамароў пацвердзіў імкненне Беларусі да ўмацавання эканамічнага супрацоўніцтва з Сірыяй і назваў выставу «спрыяльным момантам для дэманстрацыі магчымасцяў Беларусі».

Амбасадар заявіў пра жаданне Беларусі стварыць сумеснае прадпрыемства па вытворчасці грузавікоў і іншай тэхнікі. Па яго словах, гэта забяспечыць новыя працоўныя месцы і будзе спрыяць развіццю сірыйскай эканомікі.