Беларускія льняныя джынсы экспартуюць у Літву і Украіну
Беларускія льняныя джынсы экспартуюць у Літву і ва Украіну, паведаміў 4 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня канцэрна „Беллегпрам” Мікалай Яфімчык.
„Калі ёсць партнёры, мы прадаем — ва Украіне, Літве. Яшчэ не выйшлі на вялікія аб’ёмы, але не трэба разлічваць, што ўвесь свет пераапранецца ў лён. Лён у тэкстылі займае прыблізна 2%. Але перспектывы ёсць, хоць гэта элітны асартымент. Для гурманаў, якія вядуць здаровы спосаб жыцця, усё натуральнае — гэта прыярытэт. Лён — вельмі перспектыўная тэма. І не проста чысты лён, а катанін — лён плюс бавоўна, які мы робім”, — лічыць кіраўнік канцэрна.
Паводле яго слоў, у Вільнюсе амаль у кожным бутыку прадаюць ільняную вопратку. „І гэта краіна, якая не выпускае лён ужо шмат гадоў. У Еўропе гэты асартымент запатрабаваны, і мы яго туды прадаем. Будучыня ў беларускіх джынсаў ёсць, развіццё ідзе”, — падкрэсліў Яфімчык.
Пры гэтым ён заўважыў, што „ўдалося знізіць кошт на беларускія льняныя джынсы да кошту баваўняных — прыблізна 40 рублёў”, і падкрэсліў: асартымент вырабаў „усё больш запатрабаваны”. „Пакуль людзі лічаць, што льняныя джынсы занадта камечацца. Але пасля апрацоўкі гэта абсалютна іншы лён. Вельмі добра рэалізуюцца мужчынскія кашулі, жаночыя вырабы”, — паведаміў кіраўнік „Беллегпрама”.
Згодна з інфармацыяй Яфімчыка, плануецца павялічваць магутнасці Аршанскага льнокамбіната па пашыве гатовых вырабаў з 25% у аб’ёме вытворчасці да 50%. „У далейшым трэба наогул перайсці на 100-працэнтны продаж гатовых вырабаў”, — лічыць кіраўнік канцэрна.
