Беларускія птушкафабрыкі рыхтуюцца да выхаду на рынак Кітая



Беларускія бройлерныя птушкафабрыкі плануюць прайсці сертыфікацыю для паставак прадукцыі на кітайскі рынак. Пра гэта журналістам паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц 6 чэрвеня на цырымоніі адкрыцця 27-й міжнароднай спецыялізаванай выставы „Белагра”.

Паводле яго слоў, з 16 чэрвеня ў Беларусі будуць працаваць спецыялісты галоўнага дзяржаўнага ўпраўлення Кітая па кантролі якасці, інспекцыі і каранціне для акрэдытацыі мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

„Мы ўзмацнілі свае пастаўкі на рынак Кітая. Ужо ў ліпені падпішам пагадненне, якое дае права беларускім кампаніям пастаўляць ялавічыну на кітайскі рынак. Пройдзе сертыфікацыя нашых бройлерных птушкафабрык на прадмет паставак мяса бройлераў таксама на кітайскі рынак”, — удакладніў Заяц.

Міністр адзначыў, што на гэты момант 34 беларускія малочныя прадпрыемствы сертыфікаваныя для паставак у Кітай.

belapan.by

Фота bykhov.by