Беларускія стаматолагі зарабілі 1,7 млн долараў на экспарце паслуг



У 2016 годзе на экспарце паслуг беларускія стаматолагі зарабілі каля 1,7 млн долараў (3,35 млн рублёў), паведаміў журналістам галоўны пазаштатны стаматолаг Міністэрства аховы здароўя, галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Андрэй Матвееў 8 лютага ў Менску.Усяго за мінулы год, паводле яго слоў, платных стаматалагічных паслуг на тэрыторыі Беларусі было аказана на 62,5 млн рублёў.

Матвееў адзначыў, што за апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да росту экспарту паслуг. Так, у параўнанні з 2015 годам сума аказаных замежнікам паслуг вырасла на паўтара мільёна рублёў.

На думку галоўнага пазаштатнага стаматолага, увядзенне ў Беларусі пяцідзённага бязвізавага рэжыму для замежных грамадзян станоўча адаб’ецца на паказчыках экспарту. „Мы спадзяемся, што з увядзеннем пяцідзённага бязвізавага рэжыму лічба па экспарце павялічыцца”, — сказаў ён, пры гэтым адзначыўшы, што стаматалогія мае сваю спецыфіку і некаторыя працэдуры, напрыклад, пратэзаванне, патрабуюць больш працяглага знаходжання пацыентаў.

Ён падкрэсліў, што, як правіла, замежны пацыент, які атрымаў стаматалагічную дапамогу ў Беларусі, вяртаецца ў краіну, каб працягваць атрымліваць гэтыя паслугі на доўгачасовай аснове.

Найбольш запатрабавана ў замежнікаў у Беларусі эстэтычнае лячэнне і пратэзаванне. Таксама папулярнасцю карыстаецца артапедычнае лячэнне безметалавымі канструкцыямі — імплантацыя.

«Па стаматалагічную дапамогу да нас прыязджаюць з усяго свету. Уся Еўропа, Паўночная і Паўднёвая Амерыка, Блізкі Усход, напэўна, толькі з Аўстраліі не было, на маёй памяці, людзей», — адзначыў стаматолаг.

Між тым, паведаміў Матвееў, аб’ём экспарту айчынных стаматалагічных матэрыялаў і абсталявання пакуль невысокі. Стаматалагічныя ўстаноўкі „Белдэнт”, што вырабляюцца ў Гомелі, пастаўляюцца сёння ва Украіну і Казахстан. Стаматалагічныя матэрыялы — на рынак краін СНД, але пакуль у невялікіх колькасцях.

«На мой погляд, для таго, каб матэрыялы актыўна закупляліся, пра іх павінна ведаць як мага больш стаматолагаў. Гэта значыць, іх трэба ўкараняць. Прадстаўляем нашы матэрыялы на штогадовай восеньскай стаматалагічнай выставе, куды прыязджаюць замежныя ўрачы, знаёмяцца з імі, забіраюць з сабой. Сёлета плануем выставу пашырыць. Магчыма, будзе ў два разы больш плошчаў», — сказаў спецыяліст.

БелаПАН