Улады Беларусі з надзеяй глядзяць на Азію
Санкцыі супраць Беларусі, цалкам верагодна, звязаныя не з палітыкай, а з пытаннямі перадзелу рынкаў і выштурхоўвання з іх канкурэнтаў, заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.
Чыноўнік чакае з-за гэтага імгенннага зніжэння валавога ўнутранага прадукту да 3% у галінах, якія трапяць пад санкцыі ЕЗ.
«З аднаго боку, санкцыі – гэта выклік, а з другога – гэта магчымасці для эканомікі паглядзець пад зусім іншым кутом на новыя рынкі, новых партнёраў. Гэта паварот да Азіі», – сказаў Чарвякоў у інтэрв’ю праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ.
Паводле яго слоў, выдаткі будуць звязаныя з неабходнасцю перанакіравання таварных патокаў.
Чарвякоў лічыць, што гэтыя страты могуць быць кампенсаваныя імпартазамяшчэннем, працай на ўнутраным рынку і зніжэннем выдаткаў вытворчасці.
Паводле яго слоў, Беларусь усё яшчэ спадзяецца на прагматызм заходніх партнёраў і чакае, што яны «ўсё ж націснуць на стоп-кран і прыпыняць усе гэтыя дзеянні ў дачыненні да краіны».
Нагадаем, чацвёрты пакет санкцый Еўразвяз збіраецца ўвесці на гэтым тыдні.
Беларускае Радыё Рацыя
