„Беларуснафта” павялічыць колькасць станцый для электрамабіляў з 18 да 100
Сёлета дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне „Беларуснафта” мае намер пашырыць сетку зарадных станцый для электрамабіляў з 18 да 100, гаворыцца ў заяве кампаніі, распаўсюджанай 13 ліпеня.
Аб’яднанне плануе выкарыстаць існую сетку аўтазаправачных станцый як пляцоўку для станцый па зарадцы электрамабіляў (ЭЗС). „Сёння сетка электразарадных станцый „Беларуснафты” налічвае 18 ЭЗС. Ужо да канца 2018 года сетка электразарадак „Беларуснафты” павялічыцца да 100 станцый”, — паведаміў намеснік генеральнага дырэктара „Беларуснафты” па будаўніцтве, агульных пытаннях і ідэалагічнай працы Андрэй Коцік.
Больш за 40 з іх з’явяцца ў сталіцы. „У 2019 годзе ўладальнікі электрамабіляў змогуць бесперашкодна перасякаць тэрыторыю краіны па ўсіх напрамках асноўных аўтамагістраляў, а да 2024 года кампанія пакрые краіну разгалінаванай электразараднай сеткай, забяспечыўшы транзіт электратранспарту па беларускіх дарогах”, — адзначыў Коцік.
У ліпені Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім „Беларуснафта” стала дзяржаўным аператарам па стварэнні зараднай сеткі для электрамабіляў.
У траўні віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка паведаміў журналістам, што першапачаткова электразарадныя станцыі будуць абслугоўваць імпартныя электрамабілі, аднак у будучыні такія транспартныя сродкі плануецца выпускаць на тэрыторыі краіны.
„Калі ўсё пойдзе нармальна, наступны год мы будзем працаваць па аўтамабілях з рухавіком унутранага згарання, рабіць іх, а ўжо праз год рэальна паўстане пытанне, што трэба з нашымі партнёрамі з Geely вырашаць праблему вытворчасці ў Беларусі свайго электрамабіля”, — сказаў Сямашка. Паводле яго ацэнак, электрамабілі айчыннай вытворчасці могуць з’явіцца ў краіне ў 2020 годзе.
belapan.by
