Беларусы ў студзені-лістападзе прадалі валюты больш, чым купілі
Пра гэта сведчаць статыстычныя дадзеныя Нацыянальнага банка.
За адзінаццаць месяцаў насельніцтва прадало наяўнай і безнаяўнай валюты на $ 8,382 млрд у эквіваленце, купіла $ 7,245 млрд. Чысты продаж замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў амаль $ 1,137 млрд.
Суб’екты гаспадарання – рэзідэнты Беларусі ў студзені-лістападзе прадалі замежнай валюты на $ 18,087 млрд у эквіваленце, купілі $ 18,731 млрд.
Нерэзідэнты Беларусі за адзінаццаць месяцаў прадалі валюты на $ 560,4 млн у эквіваленце, набылі – $ 112,7 млн.
Насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты з пачатку 2016 года, але ў гэтым годзе аб’ёмы продажу прыкметна знізіліся. Як адзначаюць у Нацбанку, скарачэнне аб’ёмаў продажу валюты насельніцтвам стварае дадатковую турбулентнасць для курсу беларускага рубля.
„Калі чысты попыт з боку суб’ектаў гаспадарання з’яўляецца даволі ўстойлівым, то чыстая прапанова з боку насельніцтва, як паказаў верасень 2018 года, можа вельмі хутка знікнуць, ствараючы тым самым дадатковую турбулентнасць на ўнутраным валютным рынку для курсу нацыянальнай валюты”, — заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын 1 лістапада на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка.
За 2017 год чысты продаж наяўнай замежнай валюты насельніцтвам склаў 2 млрд 220 млн долараў.
