Беларусы з пачатку года здалі ў банкі амаль на 865 млн даляраў больш, чым купілі



Па выніках траўня 2018 года ў Беларусі захавалася тэндэнцыя чыстага продажу фізічнымі асобамі наяўнай замежнай валюты. Насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом 28 месяцаў запар, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка.

За студзень—травень насельніцтва прадало банкам наяўнай замежнай валюты на 3 млрд 103,8 млн даляраў у эквіваленце, а купіла ў банкаўскіх установах — 2 млрд 239,9 млн долараў. Такім чынам, чысты продаж наяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 863,9 млн даляраў.

Пры гэтым за травень чысты продаж валюты насельніцтвам вырас амаль на 235 млн даляраў.

З улікам безнаяўнай валюты чысты продаж валюты насельніцтвам быў крыху меншы — 657,8 млн долараў у эквіваленце. У студзені—траўні фізічныя асобы прадалі наяўнай і безнаяўнай валюты на 3 млрд 707,3 млн даляраў у эквіваленце, купілі — 3 млрд 49,5 млн даляраў.

Насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты з пачатку 2016 года. Эканамісты Нацбанка тлумачаць гэта тым, што за кошт раней назапашаных зберажэнняў людзі імкнуцца падтрымліваць спажыванне на больш высокім узроўні, чым можна разлічваць з улікам цяперашніх даходаў.

За 2017 год насельніцтва прадало банкам наяўнай замежнай валюты на 7 млрд 210 млн даляраў ЗША ў эквіваленце, а купіла ў банкаўскіх установах — 4 млрд 989 млн даляраў. Такім чынам, у мінулым годзе чысты продаж наяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 2 млрд 220 млн даляраў.

За 2016 год насельніцтва прадало наяўнай замежнай валюты на 2,4 млрд больш, чым купіла.

1 чэрвеня 2017 года было адменена патрабаванне рэгістрацыі банкамі пашпартных дадзеных фізічных асоб, якія набываюць замежную валюту. Рашэнне аб лібералізацыі валютнага рэжыму было прынята па ініцыятыве Нацбанка з улікам стабільнай сітуацыі на ўнутраным валютным рынку.

belapan.by