Беларусы заплацілі за пасылкі з-за мяжы больш за мільён даляраў падатку



За перавышэнне лімітаў на пасылкі з-за мяжы беларусы ў мінулым годзе заплацілі ў дзяржбюджэт 2,4 мільёна рублёў (па курсе Нацбанку на 4 красавіка гэта 1 мільён 278 тысяч даляраў).

Пра гэта паведамілі finance.tut.by у Дзяржаўным мытным камітэце.

У 2016 годзе ў Беларусь паступіла 12,7 мільёна міжнародных паштовых адпраўленняў. Пры гэтым кошт 1% пасылак, якія фізічныя асобы атрымалі з-за мяжы, перавысіў ліміт у 22 еўра.

Год таму Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога за пасылкі з таварамі, даражэйшымі за 22 еўра (цану самастойна вызначае мытня) і цяжэйшымі за 10 кг, трэба плаціць дадатковы мытны збор.

«Часцей за ўсё перавышэнне нормы адбываецца за кошт паступлення некалькіх пасылак на іхны адрас цягам каляндарнага месяца, — тлумачаць tut.by у Дзяржаўным мытным камітэце. — У асноўным налічэнне сумаў мыта і падаткаў рабілася мытнымі органамі на падставе звестак пра цану тавараў, названую адпраўнікам у дакументах, якія суправаджаюць міжнародныя паштовыя адпраўленні».