„Белавія” не плануе ствараць свой лаўкост



„Белавія” не плануе ствараць свой лаўкост. Пра гэта паведаміў 14 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску генеральны дырэктар авіякампаніі Анатоль Гусараў.

„Мы не плануем ствараць свой лаўкост. У нашых умовах няма значных пасажырскіх патокаў, каб эфектыўна працавала схема лаўкоста. Для гэтага патрэбныя зусім іншыя аб’ёмы перавозак і патокі пасажыраў”, — адзначыў ён.

Гусараў таксама расказаў, што „Белавія” за 2016—2017 гады знізіла сярэднюю цану на авіябілеты на 10% у эквіваленце еўра. У найбліжэйшыя гады авіякампанія працягне нязначна зніжаць цэны. „Але канкрэтных рубяжоў мы не пазначаем”, — сказаў гендырэктар.

„Мы зыходзім з тых працэсаў, якія адбываюцца на рынку, як рэагуе рынак на нашы тарыфы і тарыфы іншых перавозчыкаў. Мы таксама ўлічваем канкурэнцыю, кошт асобных кірункаў і запатрабаванасць тарыфу на тым ці іншым кірунку. Напрыклад, мы сёння бачым, што можна зніжаць тарыфы на Маскву і на Парыж. То бок зніжэнне тарыфаў — гэта не планавая, а рыначная рэч”, — растлумачыў ён.

Пры гэтым „Белавія” працягне правядзенне розных акцый па продажы авіябілетаў па зніжаных тарыфах. Такія акцыі праводзяцца ў асноўным у асенне-зімовы перыяд, калі падаюць фінансавыя патокі з-за зніжэння аб’ёмаў перавозак. У сувязі з гэтым даводзіцца звяртацца па крэдытныя рэсурсы, але ўмовы не заўсёды выгадныя для авіякампаніі. „Таму нам як авіякампаніі эканамічна мэтазгодна правесці акцыю па распродажы авіябілетаў па зніжаных цэнах. Тым самым мы як бы атрымліваем апераджальнае фінансаванне, па сутнасці такі ж крэдыт, але пад меншы працэнт, чым мы б крэдытаваліся ў банку. У гэтым ёсць выгада і для пасажыраў , і для авіякампаніі”, — растлумачыў Анатоль Гусараў.

Паводле яго слоў, аб’ём выручкі „Белавія” ў 2017 годзе склаў больш за 300 млн долараў ЗША, чысты прыбытак — каля 12 млн долараў. „Рэнтабельнасць авіякампаніі, любой авіякампаніі, невысокая — 5% лічыцца добрым дасягненнем”, — падкрэсліў гендырэктар.

У 2017 годзе „Белавія” выконвала рэгулярныя рэйсы з Менска ў 48 аэрапортаў 27 краін. Акрамя таго, у летні перыяд рэгулярныя палёты ў Калінінград выконваліся з абласных аэрапортаў (Берасце, Віцебск, Гародня, Гомель). Упершыню авіякампаніяй за год было перавезена 3 млн пасажыраў, што на 20,6% больш, чым ў 2016 годзе.

belapan.by