БелАЗ плануе наладзіць серыйную вытворчасць беспілотных самазвалаў



ААТ „БелАЗ” — кампанія-кіраўнік холдынга „БелАЗ-холдынг” (Жодзіна Менскай вобласці) плануе наладзіць серыйную вытворчасць беспілотных самазвалаў у наступным годзе, паведаміў падчас прэс-тура 12 верасня генеральны дырэктар прадпрыемства Пётр Пархомчык.

„Праца ў кар’еры складаная і манатонная. І знайсці людзей, якія працавалі б па 12 гадзін у кар’еры на самазвале, — вельмі складаная задача. Таму ўсе цяпер хочуць, каб усюды, дзе дазваляюць умовы, была такая тэхніка. Мы бачым таксама, што робяць нашы канкурэнты. Тая ж Аўстралія. Некалі мы назіралі за першым комплексам беспілотных кар’ерных самазвалаў, цяпер іх там больш за сотню. Гэтая тэма будучыні. Перад намі стаіць задача з наступнага года пачаць серыйную вытворчасць беспілотнікаў”, — адзначыў Пархомчык.

БелАЗ займаецца беспілотнымі самазваламі прыблізна шэсць гадоў, паведаміў генеральны канструктар прадпрыемства Аляксандр Ягораў. Паводле яго слоў, спачатку стварылі дыстанцыйна кіраваны самазвал, якім кіруе аператар з аддаленага працоўнага месца. Пры гэтым дыстанцыя ролі не адыгрывае. Для такога самазвала пакупніка пакуль не знайшлі.

Затым БелАЗ стварыў больш прасунутую мадэль, якая можа паўтараць першы рэйс, зроблены чалавекам, бясконцую колькасць разоў. Такіх мадэляў было выраблена тры. Адна знаходзіцца на тэрыторыі завода, дзве працуюць у кар’ерах Сібірскай вугальнай энергетычнай кампаніі ў Хакасіі (РФ). „Яны ўжо прайшлі тэставанне і ў рэжыме робата выконваюць транспартную працу. Праўда, пакуль чалавек страхуе гэтыя машыны”, — паведаміў Ягораў.

У хуткім часе беспілотныя самазвалы „БелАЗ” з’явяцца таксама ў Апатытах Мурманскай вобласці РФ. Нядаўна беларускае прадпрыемства выйграла тэндар на пастаўку 50 кар’ерных самазвалаў для двух новых кар’ераў, якія належаць расійскай групе кампаній „ЕўраХім”.

„Мы пацвердзілі, што кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 136 і 180 тон могуць быць мадэрнізаваныя ў рабатызаваныя комплексы. Зараз нашы спецыялісты вылецелі ў Апатыты, дзе абмяркоўваюцца пытанні першага комплексу, які складаецца з трох кар’ерных самазвалаў, экскаватара, пагрузчыка, бульдозера. Цалкам бязлюдная тэхналогія з кіраваннем са штаба. У перыяд канца чацвёртага квартала гэтага года — першага квартала наступнага года самазвалы павінны пачаць сваю вытворчую дзейнасць”, — сказаў гендырэктар БелАЗа.

На прадпрыемстве паведамілі, што тэхнічных складанасцей з вытворчасцю беспілотных машын практычна не засталося, але ёсць цяжкасці іншага характару.

Па-першае, розніца ў кошце кіраванай чалавекам і робатам машыны перавышае 15%. „Беспілотнікі на 120 тысяч долараў даражэйшыя. Да таго ж трэба ўсталёўваць магутнае абсталяванне на борце кар’ера. На гэта спатрэбіцца прыблізна 2,5 млн долараў. З-за гэтай прычыны кліенты асцярожнічаюць пры куплі тэхнікі, калі пачынаюць параўноўваць звычайныя і беспілотныя мадэлі. Гэта галоўная перашкода”, — падкрэсліў Ягораў.

Па-другое, не так проста змяніць падыход да працы. „Не ўсім хочацца, каб працавалі робаты. Гэта страта звыклых працоўных месцаў, а перавучвацца не кожны пажадае”, — адзначыў генеральны канструктар БелАЗа.

belapan.by