„Белфармпрам” плануе нарасціць экспарт беларускіх лекаў



Да 2020 года холдынг „Белфармпрам” плануе нарасціць экспарт беларускіх лекаў да 40% ад усяго аб’ёму іх вытворчасці, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара холдынгу „Белфармпрам” Віктар Шэін на прэс-канферэнцыі ў Барысаве (Менская вобласць) 25 ліпеня. Ён падкрэсліў, што пры гэтым прысутнасць на ўнутраным рынку не знізіцца. Цяпер доля экспарту ў аб’ёме медыкаментаў, якія вырабляюцца ў Беларусі, складае 30%.

Шэін адзначыў, што кіраўнік дзяржавы паставіў задачу павялічыць экспарт фармпрадукцыі. Падчас наведвання прадпрыемства „Мінскінтэркапс” 26 студзеня гэтага года Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дасягнуць парытэту па аб’ёмах паставак лекавых сродкаў на экспарт і ўнутраны рынак. „Нам трэба выходзіць на суадносіны 50 на 50, і ў той жа час, каб айчынны рынак рос”, — заявіў Лукашэнка.

Шэін выказаў меркаванне, што гэта задача не можа быць выканана без стварэння сучасных вытворчых магутнасцяў і рэканструкцыі дзейных вытворчасцяў. Таму, паводле яго слоў, цяпер ідзе мадэрнізацыя шэрагу прадпрыемстваў. Напрыклад, Барысаўскі завод медпрэпаратаў увёў у эксплуатацыю лінію па вытворчасці лекаў у шпрыцавым напаўненні (інвестыцыі склалі 25 млн долараў).

Асабліва намеснік дырэктара холдынгу падкрэсліў, што задача выціснуць з рынку імпарт не стаіць. „Як складала доля беларускіх лекавых сродкаў 53% на рынку, так і будзе”, — дадаў ён.

Асноўны рынак для беларускіх лекавых сродкаў — Расейская Федэрацыя, сказаў Шэін. Разам з тым, паводле яго слоў, „праводзіцца праца па дыверсіфікацыі, хуткасць якой залежыць ад таго, як хутка будуць атрымлівацца сертыфікаты GMP (Good manufacturing practic; сертыфікат належнай вытворчай практыкі)”.

„Многія краіны, у тым ліку В’етнам, Манголію, Судан, Ірак, цікавіць наяўнасць на нашых пляцоўках сертыфіката, атрыманага замежнымi, не беларускімі фармкампаніямі. Гаворка ідзе аб міжнародным сертыфікаце GMP PIC/S або сертыфікаце, атрыманым у ЕС”, — сказаў прадстаўнік холдынгу.

Напрыклад, цяпер Барысаўскі завод медпрэпаратаў рыхтуецца да сертыфікацыі вытворчасці стэрыльных антыбіётыкаў у форме парашкоў для ін’екцый у флаконах на адпаведнасць патрабаванням GMP FDA (Food and drug administration, упраўленне па кантролі за якасцю харчовых прадуктаў і лекавых прэпаратаў). Калі гэта працэдура завершыцца, у прадпрыемства з’явіцца магчымасць пастаўляць лекі ў ЗША і на новыя замежныя рынкі.

На рынак ЕЗ сёлета плануецца адгрузіць фармпрадукцыі беларускай вытворчасці на 2 млн долараў, па выніках першага паўгоддзя 2018 года ўжо прадалі на 1,3 млн. У ЕС у асноўным прадаюць біялагічна актыўныя дабаўкі, удакладніў намеснік гендырэктара „Белфармпрама”.

Кажучы пра першыя вынікі працы холдынгу, Шэін адзначыў, што да яго „няма прэтэнзій ні ад аднаго органа кіравання, холдынг выканаў усе даведзеныя да яго паказчыкі”.

З 1 верасня 2017 года ўрад Беларусі перадаў пад кіраванне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „Белфармпрам” Барысаўскі завод медпрэпаратаў, Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, ААТ „Экзон”, СААТ „Ферэйн”, РУП „Белмедпрэпараты”, УП „Мінскінтэркапс” і навукова-практычны цэнтр „Лотыяс”. У лістападзе ў холдынг адначасова ўвайшлі яшчэ 10 прадпрыемстваў, цяпер іх там 27.

belapan.by