БелГПП плануе прыцягнуць дыяспару для садзейнічання экспарту



Беларуская гандлёва-прамысловая палата плануе прыцягнуць дыяспару для садзейнічання экспарту беларускіх тавараў. Пра гэта 20 верасня ў Менску заявіў журналістам старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч перад пасяджэннем круглага стала з удзелам членаў Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.

„Адна з задач БелГПП — дапамога беларускаму бізнесу ў прасоўванні тавараў і паслуг за мяжой. Беларусы замежжа занятыя ў розных сферах — культуры, адукацыі, бізнесе. Мы працуем на адну справу — на падтрымку развіцця нашай краіны і людзей. І заўсёды для гэтага знойдзецца месца для супрацоўніцтва”, — адзначыў Улаховіч.

Паводле яго слоў, на круглым стале будзе дадзена інфармацыя аб дзейнасці БелГПП у Менску і рэгіёнах, а таксама аб працы беларускіх прадпрыемстваў. „Каб мелі пабольш інфармацыі ў іх партфелі і яны маглі ведаць, на каго можна абаперціся”, — адзначыў кіраўнік БелГПП. Улаховіч падкрэсліў, што мерапрыемства праходзіць першы раз, і выказаў надзею на яго поспех.

Член савета ад Ізраіля Барыс Фрыцаліс расказаў, што з’яўляецца бізнесменам і інвеставаў 3 млн долараў у стварэнне ў СЭЗ „Брэст” біятэхналагічнага прадпрыемства па вытворчасці кансервантаў для кармоў сельскагаспадарчых жывёл. Аднак у Беларусі „вялікая праблема з неплацяжамі за пастаўленую прадукцыю, перад прадпрыемствам даўгі амаль 3 млн долараў”. „Мне дапамагаюць цяпер падтрымліваць бізнес тут пастаўкі ў Расію”, — адзначыў ён. Пры гэтым Фрыцаліс падкрэсліў, што „не расчараваўся ў Беларусі” і будзе прыкладаць намаганні для развіцця гандлёва-эканамічных адносінаў паміж Ізраілем і Беларуссю. Паводле яго слоў, беларуская дыяспара ў Ізраілі перавышае 100 тыс. чалавек.

Як паведаміў БелаПАН член савета ад Літвы Алег Давыдзюк, калі раней праца дыяспары па развіцці адносін паміж суседнімі краінамі канцэнтравалася ў большай ступені ў гуманітарнай сферы, то цяпер усё больш праектаў накіравана на развіццё гандлёва-эканамічных сувязяў. У прыватнасці, дыяспара прапанавала праект стварэння тэрмінала з выкарыстаннем канатнай дарогі над возерам на мяжы дзвюх краін, што „дапаможа змагацца з вялізнымі чэргамі з фур паміж Беларуссю і Літвой”.

belapan.by