„Беллегпрам”: Рэалізацыя бізнес-ідэі па стварэнні беларускіх джынсаў працягваецца



Рэалізацыя бізнес-ідэі па стварэнні беларускіх джынсаў працягваецца. Пра гэта паведаміў журналістам 8 чэрвеня на прэс-канферэнцыі першы намеснік старшыні канцэрна „Беллегпрам” Вячаслаў Мірусін.

„Беларускія джынсы — гэта бізнес-ідэя. Падобная з джынсавай тканінай тканіна з дабаўленнем ільну была выраблена на Аршанскім ільнокамбінаце, але структура з бавоўны крыху іншая. Таму сказаць, што гэта паўнавартасны джынс, нельга. Але праца ў гэтым кірунку вядзецца, рэалізацыя ідэі працягваецца”, — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка канцэрна.

Паводле яго слоў, цяпер на прадпрыемстве „Гранітэкс” сумесна з ААТ „Камволь” і галіновым інстытутам вырабляецца распрацоўка нітак, якія будуць падобныя па якасці з ніткамі, з якіх вырабляюцца джынсавыя тканіны. „Калі праект будзе рэалізаваны і якасць будзе задавальняць пакупніка, чаму б і не. Але трэба глядзець на кан’юнктуру рынку, супастаўляць цану і якасць і рабіць вопратку па замове пакупнікоў. Гэта творчая праца”, — адзначыў Мірусін.

Ён падкрэсліў, што лідары па вытворчасці джынсавых тканін знаходзяцца ў краінах, дзе вырабляюць бавоўну. „Зрабіць беларускія джынсы не праблема, але бачыцца, што мы можам не патрапіць у суадносіны „цана-якасць”. Таму мы спрабуем рабіць аналаг або падобную тэматыку з выкарыстаннем ільну”, — сказаў намеснік кіраўніка канцэрна.

Раней старшыня канцэрна Мікалай Яфімчык заявіў, што адзенне з беларускай джынсавай тканіны будзе дарагім. Ужо распрацаваны і створаны ўзоры некалькіх відаў тканін з сумесі баваўняных і льняных валокнаў. „Ніхто ніколі джынсы з лёну не рабіў, а яшчэ і з лайкрай. Пража атрыманая. Тут пытанне толькі цэны і патрэбы рынку. Калі мы цяпер можам купіць туркменскія джынсы за 20 рублёў, то нашы будуць каштаваць каля 100 рублёў. Гэта эксклюзіў, мы не спяшаемся фарсіраваць вытворчасць. Спакойна рабіць і пастаўляць у продаж”, — сказаў Яфімчык.

Ён падкрэсліў, што беларуская джынсавая вопратка прызначана „для гурманаў”. „Гэта іншы знешні выгляд”, — адзначыў кіраўнік канцэрна.

belapan.by