„Белнафтахім” павышае цэны на аўтамабільнае паліва 11-ы раз з пачатку года



Канцэрн „Белнафтахім” абвясціў аб 11-м сёлета падаражэнні аўтамабільнага паліва „з улікам змены ўмоў”. Павышэнне цэн 20 красавіка традыцыйна складзе адну капейку.

„У красавіку 2021 года сярэдняя каціроўка нафты павялічылася ў адносінах да студзеня гэтага года на 15%. Рост цаны на маторнае паліва з пачатку года склаў 5,4%”, — адзначылі ў „Белнафтахіме”.

З 20 красавіка цана бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,81 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,91 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 2,13 рубля, дызельнага паліва — 1,91 рубля.

13 красавіка раздробныя цэны на маторнае паліва на АЗС былі павышаныя ў 10-ты раз з пачатку года. Цэны падымаліся 20 і 27 студзеня, 16 і 23 лютага, 2, 10, 16 і 30 сакавіка, 6 красавіка.

У „Белнафтахіме” зазначаюць, што пры нязменнасці ўмоў гаспадарання, у тым ліку цэн на нафту і курсу беларускага рубля, да канца года цэны на паліва плануецца павялічыць яшчэ на 5-6%. Пра гэта ў прыватнасці паведаміла намеснік старшыні канцэрна Святлана Гурына 14 красавіка на пасяджэнні грамадска-кансультатыўнай (экспертнай) рады па развіцці прадпрымальніцтва пры „Белнафтахіме”.

Гурына адзначыла, што калі ў 2020 годзе сярэдні сусветны кошт нафты складаў 41,7 даляра ЗША за бараль, то ўжо ў студзені 2021 года ён вырас да 54,8 даляра, у сакавіку — дасягнуў 65,6 даляра. У сярэднім за квартал цана на нафту за кошт змены каціровак вырасла на 21% да аналагічнага леташняга перыяду.

Дадатковы негатыўны ўплыў на эканоміку нафтаперапрацоўчых заводаў, сказала намеснік старшыні канцэрна, робіць змена курсу беларускага рубля з улікам высокага імпартнага складніку ў аперацыйных выдатках. Такім чынам, межавы ўзровень цэн з пачатку года павялічаны на 10 капеек.

belapan.by

[manual_related_posts]