„Белнафтахім” падвышае цэны на паліва сёмы раз



Дзяржаўны канцэрн „Белнафтахім” чарговы раз падвышае цэны на аўтамабільнае паліва. „У адпаведнасці з прынятай канцэрнам палітыкай стрымлівання коштаў на аўтамабільнае паліва рознічныя цэны на АЗС з 7 красавіка павялічваюцца на 1 капейку”, — гаворыцца ў паведамленні „Белнафтахіма”.

Кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,50 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,61 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,82 рубля, ДП — 1,61 рубля.

Як адзначае „Белнафтахім”, змяненне рознічных цэн праводзіцца ў сувязі з ростам кошту нафты з улікам яе рынкавай кан’юнктуры.

„З пачатку 2019 года цана расейскай нафты, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, вырасла на 17,9%, а рознічныя цэны на маторнае паліва за гэты перыяд павялічаныя ў сярэднім на 3,9%, што не кампенсавала росту выдаткаў НПЗ на набыццё сыравіны”, — падкрэсліваюць у канцэрне.

Гэта ўжо сёмае падаражанне паліва ў Беларусі з пачатку года. Апошні раз кошт паліва павялічваўся 31 сакавіка, таксама на адну капейку.

У снежні 2018 года на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка заявіў, што правядзенне ў Расеі падатковага манеўру можа прывесці да падаражання аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку Беларусі на 5—7%.

Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што, згодна з разлікамі ўрада, з-за падатковага манеўру можа адбыцца штогадовае падаражанне нафты для Беларусі прыкладна на 21 долар за тону з выхадам на сусветныя цэны да 2024 года.

belapan.by