„Берасцейскае піва” зноў не змаглі прадаць



Пяты аўкцыён (чацвёрты паўторны) па продажы кампаніі „Берасцейскае піва”, якая належыць дзяржаве, не адбыўся, гаворыцца ў паведамленні прадпрыемства.

Аўкцыён быў запланаваны на 15 жніўня, аднак не адбыўся з прычыны адсутнасці заявак з боку патэнцыйных інвестараў. Як паведамляе кампанія, чарговы аўкцыён па продажы прадпрыемства як маёмаснага комплексу запланаваны на 15 верасня.

Берасцейскае прадпрыемства прапаноўваецца патэнцыйным інвестарам (удзельнікам чацвёртага аўкцыёну) за 9,34 млн рублёў. У параўнанні з першапачатковым коштам, па якім „Берасцейскае піва” выстаўлялася на продаж вясной, цана прадпрыемства зніжана практычна ўдвая.

Паводле інфармацыі БелаПАН, некаторыя патэнцыйныя інвестары сёлета праяўлялі цікавасць да „Берасцейскага піва”, аднак не былі згодныя з цаной, па якой прадаецца піўная кампанія.

У 2014-м „Берасцейскае піва” было прызнана эканамічна неплацежаздольным і ў дачыненні да яго ў 2014—2017 гадах праводзілася працэдура санацыі. З мэтай аднаўлення плацежаздольнасцi „Берасцейскага піва” прадугледжаны продаж прадпрыемства як маёмаснага комплексу.

У другім квартале 2017 года „Берасцейскае піва” выстаўлялася на продаж па пачатковай цане 17,42 млн рублёў, аднак было прызнана, што аўкцыёны не адбыліся з-за адсутнасці заявак з боку патэнцыйных інвестараў, пасля чаго цана берасцейскага прадпрыемства была зніжана да 9,34 млн рублёў.

На думку экспертаў, „Берасцейскае піва” варта было прадаваць яшчэ сем гадоў таму.

„Берасцейскае піва” варта было прадаваць стратэгічнаму інвестару яшчэ ў 2010 годзе. К таму часу на беларускі рынак прыйшлі міжнародныя бровары і было цалкам відавочна, што ў канкурэнцыі з імі берасцейскаму вытворцу будзе складана выжыць”, — адзначыў эксперт рынку алкагольных напояў Яўген Мар’юшыч.

Цяпер, мяркуе ён, прадаць „Берасцейскае піва” нашмат складаней, чым раней, паколькі беларускі піўны рынак ужо практычна падзелены.

„Магчымым пакупніком берасцейскага актыву тэарэтычна магла б выступіць украінская „Абалонь”, якая раней выказвала такое жаданне, вырабляла на магутнасцях берасцейскага прадпрыемства па ліцэнзіі свае брэнды, але пра ўмовы яго куплі так і не змагла ў свой час дамовіцца”, — нагадвае Мар’юшыч.

Між тым „Прыёрбанк”, які з’яўляецца адным з крэдытораў „Берасцейскага піва”, прапанаваў у траўні 2017 года, як вынікае з матэрыялаў Эканамічнага суда Берасцейскай вобласці, пачаць працэдуру ліквідацыі „Берасцейскага піва”.

„Продаж прадпрыемства-даўжніка як маёмаснага комплексу малаверагодны, бо патэнцыйнаму інвестару ў развіццё прадпрыемства будзе неабходна ўкласці значныя грашовыя сродкі, прытым што цяпер патрэбы ў піве цалкам задавальняюцца за кошт iншых вытворцаў, а доля ААТ „Берасцейскае піва” на рынку нязначная”, — лічыць „Прыёрбанк”, пазіцыя якога прыводзіцца ў матэрыялах Эканамічнага суда Берасцейскай вобласці.

На думку крэдытора, зацягванне пачатку працэсу ліквідацыі пагоршыць фінансавае становішча прадпрыемства, што істотна „знізіць шанцы на вяртанне банку ўкладзеных у прадпрыемства грашовых сродкаў”.

Разам з тым Эканамічны суд Берасцейскай вобласці адмовіўся ў маі гэтага года задаволіць прапанову „Прыёрбанка” аб пачатку лiквiдацыйнай вытворчасці ў дачыненні да „Берасцейскага піва”. Як вынікае з прынятага рашэння, суд прыйшоў да высновы, што магчымасці для продажу брэсцкага прадпрыемства, якія дазволяць даўжніку разлічыцца з крэдыторамі, захоўваюцца.

belapan.com