Берасцейскі электрамеханічны завод увойдзе ў холдынг „Бабруйскаграмаш”



 Берасцейскі электрамеханічны завод увойдзе ў склад холдынга „Бабруйскаграмаш” у 2020 годзе. Аб гэтым генеральны дырэктар ААТ „Кіруючая кампанія холдынга „Бабруйскаграмаш” Надзея Лазарэвіч расказала прэм’ер-міністру Сяргею Румасу, які наведаў прадпрыемства ў час рабочага візіту ў Магілёўскую вобласць.

„Падпісана дарожная карта з Міністэрствам прамысловасці аб выхадзе ААТ „Тэхналіт Полацк” з холдынга. На яго месца прыйдзе Берасцейскі электрамеханічны завод ужо ў гэтым годзе, – расказала Надзея Лазарэвіч. – Гэта неабходна для таго, каб наша прадпрыемства магло прадастаўляць усю гаму сельскагаспадарчай тэхнікі. Цяпер у лінейцы адсутнічаюць сеялкі. З прыходам берасцейскага завода мы плануем гэта выправіць”.

Як адзначыла генеральны дырэктар холдынга, цяпер у берасцейскага завода не самы лепшы фінансавы стан. Аднак „Бабруйскаграмаш” пачаў ужо прапрацоўваць шляхі выхаду з існуючай сітуацыі і гатовы заняцца стабілізацыяй і развіццём прадпрыемства.

Наведваючы „Бабруйскаграмаш”, Сяргей Румас азнаёміўся з вытворчасцю і медэлямі сельгастэхнікі.

ААТ „Кіруючая кампанія холдынга „Бабруйскаграмаш” вырабляе больш за 90 мадэлей машын сельскагаспадарчага і агульнатэхнічнага прызначэння. Цяпер у склад холдынга ўваходзіць ААТ ККХ „Бабруйскаграмаш”, ААТ „Бабруйсксельмаш”, ААТ „Оршааграпраммаш”, ААТ „Тэхналіт Полацк”, ААТ „Маладзечанскі станкабудаўнічы завод” і „НДІСтромаўталінія”. На гэты момант беларуская тэхніка пастаўляецца ў Сербію, Швецыю, Кітай, Мадагаскар, Анголу. Выбудавана дылерская сетка ва Узбекістане, нарошчваюцца пастаўкі ў Расею, Казахстан, Украіну, Літву і іншыя краіны. Плануецца расшырыць пастаўкі тэхнікі ў ЕС, Афрыку і Азію.

У мінулым годзе па інвестыцыйным праекце „Мадэрнізацыя фарбавальнай, нарыхтоўча-зварачнай і механаапрацоўчай вытворчасцей”, уключаным у Дзяржаўную праграму развіцця машынабудаўнічага комплексу Рэспублікі Беларусь на 2017-2020 гады, было асвоена Br2,3 млн: набыта сучаснае металаапрацоўчае, зварачнае, тэрмічнае, пад’ёмна-транспартнае і іншае абсталяванне для цэхаў асноўнай вытворчасці. У планах – мадэрнізацыя і асваенне новых рынкаў збыту.

belta.by