Бізнес пратэстуе супраць новага віду абавязковай справаздачнасці



Дзелавая супольнасць пярэчыць супраць увядзення новага віду абавязковай справаздачнасці ў падатковыя органы і, магчыма, выступіць па гэтым пытанні з сумеснай заявай, паведаміла дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.

Праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса абавязвае індывідуальных прадпрымальнікаў і прадпрыемствы штоквартальна з 1 студзеня 2019 года падаваць звесткі ў падатковыя органы аб даходах наёмных работнікаў. Новы від абавязковай справаздачнасці ўлады ўводзяць з мэтай вызначэння катэгорый грамадзян, якім у аўтаматычным рэжыме будуць налічвацца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі.

Разам з тым прадстаўнікі дзелавой супольнасці — супраць увядзення новага віду абавязковай справаздачнасці і лічаць, што яе з`яўленне прывядзе да павелічэння выдаткаў.

„Мы будзем выступаць супраць увядзення абавязковай справаздачнасці. Магчыма, ад прадстаўнікоў усяго бізнесу будзе нават заява па гэтым пытанні”, — паведаміла БелаПАН Тарасевіч.

Гэтая тэма ўзнімалася 2 жніўня на пасяджэнні Рэспубліканскага клуба дырэктараў у Менску.

Старшыня Беларускага саюза падаткаплацельшчыкаў Анатоль Трухановіч на прыкладзе сваіх прадпрыемстваў падлічыў, што на вядзенне новага віду справаздачнасці прадпрымальнікам давядзецца траціць штогод не менш за 200 долараў.

„Гэта мінімум. У нас каля 350 тыс. падаткаплацельшчыкаў. Памножце гэтую лічбу на 200 долараў, і мы атрымаем грубую ацэнку таго, у што нам абыдзецца вядзенне новага віду абавязковай справаздачнасці”, — адзначыў Трухановіч.

Паводле ацэнак некаторых прадпрымальнікаў, толькі на распрацоўку праграмных рашэнняў, якія дазволяць падаткаплацельшчыкам выгружаць даныя пра даходы грамадзян у МПЗ па спецыяльнай форме, бізнесу па ўсёй краіне прыйдзецца выдаткаваць каля 17 млн долараў.

Замест увядзення новага віду абавязковай справаздачнасці прадпрымальнікі прапаноўваюць дзяржаве распрацаваць адзіны праграмны прадукт, які б дазволіў скараціць працавыдаткі на падаванне дзяржаве справаздачнасці.

„Усю інфармацыю падаткаплацельшчыкі маглі б выгружаць у адзіную базу дадзеных, і хай звесткі, якія неабходныя дзяржаве для пенсійнага фонду, для падаткаабкладання, для выплаты субвенцый, браліся адтуль”, — прапанаваў дырэктар „Легпрамразвіцця” Дзмітрый Шчаўкуноў.

Прадстаўнікі бізнесу лічаць, што новы від абавязковай справаздачнасці ў корані супярэчыць задачам, якія ставіліся на 2018 год, калі пачыналася распрацоўка новай рэдакцыі Падатковага кодэкса.

„Новая справаздачнасць ніяк не ўвязваецца з задачай па спрашчэнні падатковага адміністравання, якая ставілася пры распрацоўцы новай рэдакцыі Падатковага кодэкса. Таму трэба яшчэ раз паглядзець, ці трэба ўводзіць гэтую дадатковую справаздачнасць”, — мяркуе генеральны дырэктар кампаніі „Вілія” Леў Карпач.

belapan.by