Бізнес-саюз прапанаваў уладам правесці падатковую рэформу



У Беларусі для дасягнення мэты па павелічэнні валавога ўнутранага прадукту да 100 млрд долараў, якую паставілі ўлады, неабходна рэфармаваць фіскальную палітыку. Прапановы, што тычацца падатковай рэформы, распаўсюдзіў Бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага.

На думку экспертаў саюза, забяспечыць такі рост ВУП да 2025 года без рэфармавання падатковай сістэмы немагчыма.

„У апошнія гады Беларусь праводзіла стрымальную фіскальную палітыку, якая вызначалася высокім узроўнем падаткаў, што было адной з прычын рэцэсіі і стагнацыі ў эканоміцы. Так, за мінулыя сем гадоў сярэднегадавы прырост беларускага ВУП склаў толькі 0,8%”, — гаворыцца ў паведамленні бізнес-саюза

Паводле ацэнак экспертаў арганізацыі, каб выйсці на ВУП у 100 млрд долараў у 2018—2025 гадах, неабходна дасягнуць сярэднегадавога прыросту эканомікі на ўзроўні 8,4%. „Відавочна, што для дасягнення гэтай мэты краіне варта перайсці да стымулявальнай мадэлі фіскальнай палітыкі”, — падкрэсліваецца ў паведамленні бізнес-саюза.

У аналітычнай запісцы, якую распаўсюдзіў БСПН, прыводзяцца найбольш актуальныя падатковыя пытанні для бізнесу. У прыватнасці, эксперты прапануюць знізіць выдаткі суб’ектаў гаспадарання па адміністраванні падатковых плацяжоў, „у тым ліку па бясплатным крэдытаванні бюджэту праз авансавыя плацяжы, скарачэнні нарматыўнага рэгулявання выдаткаў, якія адносяцца на сабекошт прадукцыі (паслуг), збліжэнні падатковага і бухгалтарскага ўліку”.

Эксперты прапануюць замацаваць у Падатковым кодэксе за суб’ектамі гаспадарання (перш за ўсё апрацоўчай прамысловасці) права выбару выплаты ПДВ паводле метаду аплаты або паводле метаду адгрузкі. Бізнес-саюз прапануе таксама істотна пашырыць сферу прымянення ў краіне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.

У канцы мінулага года Аляксандр Лукашэнка даручыў паартыкульна перагледзець і падрыхтаваць новую рэдакцыю Падатковага кодэкса. Дакумент павінен быць унесены на яго разгляд да 1 верасня.

belapan.by