Бізнес-звяз настойвае на спыненні рэгулявання цэн на медыцынскія паслугі



У Беларусі трэба адмяніць дзяржаўнае рэгуляванне цэн на медыцынскія паслугі. З такой пазіцыяй выступае дзелавая супольнасць, паведамляе Бізнес-звяз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага.

Паводле дадзеных БСПН, Міністэрства аховы здароўя звернецца ў МАРГ з прапановай правесці сумеснае пасяджэнне грамадска-кансультацыйнага савета (ГКС), на якім будзе разглядацца пытанне аб цэнаўтварэнні на платныя медыцынскія паслугі.

Такі зварот быў ініцыяваны БСПН імя Куняўскага і падтрыманы на ГКС галіновага міністэрства, паведаміла дырэктар і сустаршыня БСПН Жанна Тарасевіч 25 кастрычніка на пасяджэнні Асацыяцыі стаматалагічных арганізацый.

«У верасні дасягнутая дамоўленасць з кіраўніцтвам Міністэрства аховы здароўя аб тым, што будзе скасаваны кантроль за цэнаўтварэннем на паслугі артадантыі. Аднак па шэрагу іншых медыцынскіх паслуг несвабоднае цэнаўтварэнне захоўваецца, што істотна ўскладняе працу прыватных медыцынскіх арганізацый», – гаворыцца ў паведамленні БСПН імя Куняўскага.

Паводле слоў Тарасевіч, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя тлумачаць немагчымасць лібералізацыі цэн на некаторыя медыцынскія паслугі пазіцыяй МАРГ, дзе асцерагаюцца паскарэння інфляцыі і аслаблення сацыяльнай абароненасці асобных слаёў насельніцтва. У сваю чаргу, прадстаўнікі МАРГ кажуць, што супраць свабоднага цэнаўтварэння выступае Міністэрства аховы здароўя, паведамляе БПСН імя Куняўскага.

У БСПН спадзяюцца, што сумеснае пасяджэнне двух міністэрстваў і прадстаўнікоў бізнесу дазволіць «нарэшце разабрацца ў сітуацыі і зняць непатрэбныя бар’еры ў працы прыватных медыцынскіх арганізацый».

«Тым больш што дзяржаўныя медыцынскія ўстановы працягваюць аказваць бясплатную медыцынскую дапамогу ўсім, хто мае патрэбу, і свабодныя цэны ў прыватных клініках прынцыпова не паўплываюць на сацыяльную абароненасць насельніцтва», – лічыць Бізнес-звяз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага.

Паводле афіцыйных статыстычных дадзеных, медыцынскія паслугі ў Беларусі за студзень–верасень (з пачатку года) падаражэлі на 3,9%.

БелаПАН