Бізнесмен з Нарыльска набыў фабрыку ў Івацэвіцкім раёне



Кіраўнік будаўніча-мантажнай кампаніі з Нарыльска стаў уладальнікам ААТ „Квасевіцкая пяро-пуховая фабрыка” (Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці). Акцыі былі перададзеныя пакупніку 27 красавіка, паведамляе Дзяржаўны камітэт па маёмасці.

На сайце кампаніі гаворыцца, што фабрыка з’яўляецца вядучым вытворцам пяро-пуховых вырабаў (коўдраў і падушак) у краіне. Яе купіў за 690 тыс. рублёў у дзяржавы беларус Канстанцін Наліўка, які пражывае ў Расеі і ўзначальвае ў Нарыльску ТАА „Прамысловая будаўніча-мантажная кампанія”.

„Прыемна ўсведамляць, што ў Год малой радзімы выхадзец з Івацэвіччыны вырашыў накіраваць свае сілы і сродкі на развіццё ААТ” Квасевіцкая пяро-пуховая фабрыка”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце Івацэвіцкага райвыканкама.

З новым уласнікам прадпрыемства заключаны ў красавіку дагавор куплі-продажу акцый. Новы акцыянер фабрыкі ўзяў на сябе абавязацельствы забяспечыць на працягу пяці гадоў з даты заключэння дагавора тэмп росту заработнай платы работнікаў таварыства не ніжэйшы за тэмпу росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы, якая склалася ў Івацэвіцкім раёне.

Акрамя гэтага, новы акцыянер абавязаны захаваць сярэдняспісачную колькасць працуючых на прадпрыемстве на ўзроўні не ніжэйшым за той, што фактычна склаўся на дату заключэння дагавора куплі-продажу акцый.

Таксама ўласнік фабрыкі павінен захаваць сацыяльныя гарантыі работнікам прадпрыемства, прадугледжаныя ў дзейным калектыўным дагаворы.

У паведамленні Івацэвіцкага райвыканкама таксама гаворыцца, што новаму кіраўніцтву фабрыкі неабходна ўнесці на працягу пяці гадоў не менш за 100 тысяч беларускіх рублёў на абнаўленне асноўных сродкаў і папаўненне абаротных сродкаў прадпрыемства.

Як паведамлялася, у апошнія гады прыватызацыя ў Беларусі была практычна спыненая, прамыя замежныя інвестыцыі ад продажу дзяржпрадпрыемстваў у краіну не паступалі.

belapan.by