Больш за 260 чалавек удзельнічала ў форуме прадпрымальнікаў у Менску



Больш за 260 прадстаўнікоў малога бізнесу ўдзельнічала ў форуме прадпрымальнікаў, які праходзіў 1 кастрычніка ў менскім культурна-дзелавым цэнтры „Дом Масквы”. Форум арганізаваны рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем „Перспектыва”.

На сустрэчу прыехалі прадпрымальнікі з 19 гарадоў — Магілёва, Заслаўя, Беразіна, Быхава, Віцебска, Дзяржынска, Асіповічаў, Мазыра, Рэчыцы, Пінска, Берасце, Барысава, Маладэчна, Гародні, Жлобіна, Гомеля, Менска, Івацэвічаў і Слуцка.

Старшыня „Перспектывы” Анатоль Шумчанка на адкрыцці форуму паведаміў, што на яго былі запрошаны прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства эканомікі, Міністэрства па падатках і зборах, Дзяржкамітэта па стандартызацыі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, Міністэрства фінансаў.

Аднак урад, паводле слоў лідара аб’яднання, фактычна „форум праігнараваў”. З усіх запрошаных на сустрэчу з ІП прыйшлі толькі начальнік аналітычнага ўпраўлення МАРГ Павел Філіпаў, начальнік аддзела дзяржнагляду за выкананнем тэхрэгламентаў і стандартаў у лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці і будіндустрыі інспекцыі Дзяржстандарту па Менскай вобласці і Менску Людміла Кузняцова, а таксама намеснік начальніка ўпраўлення ўдасканалення дзелавога асяроддзя дэпартамента па прадпрымальніцтве Менэканомікі Валерый Хомчанка.

Цяперашні форум прысвечаны прапановам па паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу ў Беларусі, якія ІП падрыхтавалі для новага ўрада краіны.

Раней Шумчанка заявіў БелаПАН, што правесці форум у пачатку восені было вырашана шмат у чым з-за зваротаў прадпрымальнікаў, якія паступілі з рэгіёнаў. ІП устрывожаныя тым, што ім у працы даводзіцца сутыкацца з новымі праблемамі, у той час як старыя не вырашаныя.

„Да ўсіх шматлікіх праблем дадаліся яшчэ так званыя анлайн-чэкі, якія неабходна браць ад ІП Расейскай Федэрацыі. Прадпрымальнікі не ведаюць, якой будзе адказнасць, калі не будзе гэтых анлайн-чэкаў, а таксама хто будзе адказваць, калі анлайн-чэкі прызнаюць несапраўднымі. Мы пасылалі запыты ў дзяржорганы, але выразных адказаў да гэтага часу не атрымалі. Акрамя таго, форум будзе актуальным на фоне таго, што Міністэрства па падатках і зборах вывучае розныя меркаванні аб увядзенні патэнтаў і працы па спрошчанай сістэме, пра што мы неаднаразова казалі”, — адзначыў лідар „Перспектывы”.

belapan.by