Больш за 30% прадпрыемстваў не маюць уласных абаротных сродкаў



Амаль траціна прадпрыемстваў не мелі ў канцы першага квартала ўласных абаротных сродкаў, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.

На 1 красавіка ўласных абаротных сродкаў не было ў 32,3% арганізацый, якія ўлічваюцца афіцыйнай статыстыкай, яшчэ ў 11% арганізацый забяспечанасць уласнымі абаротнымі сродкамі была ніжэйшай за ўстаноўлены нарматыў (значэнне вар’юецца ў залежнасці ад галіны).

Нарматыў (каэфіцыент) забяспечанасці ўласнымі абаротнымі сродкамі паказвае дастатковасць у арганізацыі уласных абаротных сродкаў для фінансавання наяўнай дзейнасці.

Найменшая доля (25,3%) камерцыйных арганізацый, якія не маюць абаротных сродкаў, на 1 красавіка была зафіксаваная ў Менску, а найбольшая (39,3%) — у Віцебскай вобласці.

У галіновым разрэзе асноўная колькасць камерцыйных арганізацый, якія не маюць абаротных сродкаў, была сканцэнтраваная ў сельскай гаспадарцы (539), апрацоўчай прамысловасці (481), рознічным гандлі (362) і будаўніцтве (301).

Спецыялісты Нацбанка ў справаздачы аб фінансавай стабільнасці, якая была апублікаваная 8 чэрвеня, адзначаюць, што „на фоне нізкага ўзроўню плацежаздольнасці” беларускіх прадпрыемстваў „назіраецца высокая закрэдытаванасць”.

„Шэраг арганізацый прымае недастаткова мер па скарачэнні выдаткаў і паляпшэнні свайго фінансавага стану, у тым ліку праз адчужэнне няпрофільных актываў. Асобныя прадпрыемствы маюць нізкі ўзровень загрузкі вытворчых магутнасцяў і значныя рэшткі гатовай прадукцыі”, — канстатуюць спецыялісты Нацбанка.

Згодна са звесткамі Нацыянальнага банка, дрэннае фінансавае становішча дзяржпрадпрыемстваў прывяло да таго, што ў банкаў за 2016 год рэзка выраслі праблемныя актывы.

„Аб’ём праблемных актываў дзяржаўных прадпрыемстваў на 1 студзеня 2017 года склаў 3,1 млрд рублёў, павялічыўшыся за год у 2,7 разу, удзельная вага ў праблемных актывах банкаўскага сектара — 59,5%. У сувязі з гэтым рызыкі, якія нараджаюцца праблемнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі, з’яўляюцца патэнцыйнай пагрозай фінансавай стабільнасці ў краіне”, — гаворыцца ў справаздачы Нацбанка.

belapan.by