Больш за 300 прадпрыемстваў маюць запазычанасць па плацяжах у ФСАН



Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва апублікаваў пералік арганізацый, якія мелі на 1 красавіка найбольшую запазычанасць па плацяжах у пазабюджэтны фонд.

У спісе злосных неплацельшчыкаў 301 арганізацыя. Іх сумарная запазычанасць перад ФСАН на 1 красавіка склала 27,4 млн рублёў.

Больш за ўсё даўжнікоў (127) знаходзіцца ў Віцебскай і Менскай (88) абласцях.

Запазычанасць арганізацый Віцебскай вобласці па плацяжах у ФСАН на 1 красавіка складала 15,9 млн рублёў, Менскай — 7,2 млн. Такім чынам, на арганізацыі дзвюх абласцей прыпала амаль 85% сукупнай запазычанасці рэальнага сектара па плацяжах у ФСАН.

Зараз агульны памер адлічэнняў у ФСАН складае 35% ад фонду аплаты працы, у тым ліку 34% выплачвае наймальнік, 1% утрымліваецца з заработнай платы работніка. Сродкі фонду расходуюцца на выплаты пенсій, дапамог, а таксама на іншыя сацыяльныя выплаты, прадугледжаныя заканадаўствам.

Варта адзначыць, што апошнія гады ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва назіраецца дэфіцыт сродкаў, які пакрываецца за кошт бюджэтных рэсурсаў. Без уліку субвенцый з рэспубліканскага бюджэту дэфіцыт ФСАН у 2017 годзе склаў 1.038,4 млн рублёў.

Памер субвенцый, якія паступілі з рэспубліканскага бюджэту ў ФСАН, у 2017 годзе склаў 1,24 млрд рублёў. Як следства, прафіцыт фонду склаўся ў 197,8 млн рублёў.

Тэма дэфіцыту ФСАН, які даводзіцца пакрываць за кошт бюджэтных субвенцый, падымалася ў пачатку гэтага года на калегіі Міністэрства фінансаў.

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы на калегіі, заявіў, што падтрымка ФСАН за кошт сродкаў бюджэту дасягнула 1,3% ВУП, і падкрэсліў, што такога кшталту падтрымка не павінна быць пастаяннай і такой значнай.

belapan.by