„Ашчадбанк” у студзені адкрые цэнтр іпатэчнага крэдытавання



У пачатку студзеня 2018 года ў ААТ „БПС-Ашчадбанк” пачне працу цэнтр іпатэчнага крэдытавання, паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

Банк будзе аказваць комплексную паслугу па атрыманні крэдыту на куплю нерухомасці з перадачай набытага аб’екта ў іпатэку банку і адначасовым заключэнні дагавора аб іпатэцы. Гэты новы фармат працы з кліентамі будзе ўкаранёны ў спецыялізаваным офісе „БПС-Ашчадбанка”, што знаходзіцца ў Менску на вул. Свярдлова, 24.

Як адзначыла прэс-служба, у „БПС-Ашчадбанку” таксама з’явіцца працоўнае месца для рэгістратара Менскага гарадскога агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры, якое „асвойвае новыя формы працы з заяўнікамі, улічваючы працэс планамернага зніжэння Нацыянальным банкам стаўкі рэфінансавання і, адпаведна, зніжэння ставак па крэдытах на куплю нерухомасці”.

Спецыялізаваны офіс банка будзе ажыццяўляць афармленне жыллёвых крэдытаў і аказваць поўны комплекс паслуг, неабходны для ажыццяўлення здзелак. Тут таксама можна будзе атрымаць інфармацыю пра забудоўшчыка і агенцтвы нерухомасці, страхавыя паслугі. Звярнуўшыся да рэгістратара Менскага гарадскога агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры, кліенты банка, не выходзячы з офіса, змогуць скарыстацца комплекснай паслугай па атрыманні крэдыту на куплю нерухомасці з перадачай набытага аб’екта ў іпатэку банку і адначасовым заключэнні дагавора аб iпатэцы з банкам. БелаПАН