БСПН: Нягледзячы на мараторый, праверкі бізнесу працягваюцца



Праверкі бізнесу, нягледзячы ўстаноўлены мараторый, працягваюцца, заявіла сустаршыня, дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч, выступаючы 1 сакавіка ў Менску ў рамках панэльнай дыскусіі падчас Асамблеі дзелавых колаў.

Нагадаем, у кастрычніку 2017 года быў прыняты ўказ прэзідэнта „Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці”, які ўсталяваў мараторый на правядзенне планавых праверак бізнесу ў гэтым годзе.

Разам з тым, як адзначыла ў сваім выступе Тарасевіч, ведамасныя праверкі бізнесу працягваюцца. „Учора мы атрымалі зварот невялікага прыватнага медыцынскага цэнтра, да іх прыйшла праверка з МУС і паставіла ў віну, што ў медцэнтры няма трывожнай кнопкі, хоць сістэма відэаназірання ў медцэнтры ўсталяваная. МУС падрыхтаваў прадпісанне, і заўтра прыватнай кампаніі будзе выпісаны штраф”, — паведаміла кіраўнік бізнес-саюза.

У сувязі з гэтым яна выказала асцярогі, што рэалізацыя дакументаў, прынятых у мінулым годзе, можа прывесці не да лібералізацыі дзелавога асяроддзя, а да захавання старой практыкі, калі бізнес знаходзіўся пад прэсам кантралюючых органаў.

„Цяпер у краіне 72 дзяржаўныя ведамствы, якія могуць выпісваць бізнесу штрафы”, — канстатавала Тарасевіч. Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што ў прынятым дэкрэце № 7 „Аб развіцці прадпрымальніцтва” змяшчаецца расплывістая фармулёўка пра незабеспячэнні належных умоў дзейнасці кампаніі.

„Што такое належныя ўмовы дзейнасці, што гэта такое? Кожны кантралюючы орган будзе самастойна вызначаць і тлумачыць гэтае паняцце. Важна, каб у выніку рэалізацыі дэкрэта мы не атрымалі татальны кантроль”, — падкрэсліла Тарасевіч.

У сувязі з гэтым яна заклікала бізнес узнімаць праблемы, каб абараняць свае інтарэсы. „Вельмі важна бізнесу кансалідавацца і казаць, што яму баліць. Мы заклікаем прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу не баяцца выказвацца пра свае праблемы”, — заявіла Тарасевіч.

belapan.com